Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разліва́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для разлівання чаго‑н. Разлівальная лыжка.

разліва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разліваць — разліць.

разліва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разліцца.

2. Зал. да разліваць (у 1, 2 знач.).

разліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разліць.

разлі́вачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да разліўкі, прызначаны для яе. Разлівачны пункт нафтабазы. Разлівачная машына. □ Ад плавільнай печы плыў самавіты, увянчаны ззяннем разлівачны коўш. Карпаў.

разлі́к, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлічваць — разлічыць.

2. Плата за работу, паслугі, па рахунках і пад. [Ганна:] — Э, — э, мілая вы мая, няма чаго казаць аб разліку. Будзем здаровы — разлічымся. Васілевіч. // Звальненне з поўнай выплатай заробленых грошай. Дамашнія справы, разлік на службе затрымалі хлопца на некалькі дзён. Дуброўскі. Пакуль Славік узяў разлік, атрымаў характарыстыку, прайшло колькі часу, і на першую машыну мы спазніліся. Даніленка.

3. перан. Расплата, пакаранне. Кароткі разлік. Разлік за недагляд будзе суровы. // звычайна мн. (разлі́кі, ‑аў). Узаемныя крыўды, непаразуменні. Толькі на час такіх важных для ўсяго народа падзей, як вайна супроць чужаземцаў, забываюцца старыя спрэчкі і разлікі паміж асобнымі родамі і сем’ямі. В. Вольскі.

4. Намер, меркаванне. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Шыцік. І бачу, бяруцца [зладзеі] напрасцяк на касу, намагаюцца хутчэй да берагу даплысці — відаць, быў у іх нейкі хітры разлік. Краўчанка. // Спадзяванне на што‑н. [Юра] спадзяваўся сустрэць .. [у бары] Ніну, бо, па яго разліках, яна яшчэ не магла паехаць. Навуменка. [Міхась:] — А мне здаецца, што гэта — толькі педагагічны прыём. Разлік на давер’е, самая модная ў наш час тэндэнцыя. Савіцкі.

5. Карыслівыя намеры, меркаванні. Выратаваць Мірона можа толькі новы грамадскі лад, калі на крэўныя сувязі і на суадносіны паміж людзьмі не будуць мець уплыву матэрыяльныя разлікі. Каваленка. // Разм. Выгада, карысць. А сам я мяркую: разліку няма, каб праца мая прападала дарма. А. Вольскі. На поплаве, дзе пасвяцца каровы, агонь раскладаць няма разліку. Навуменка.

6. Беражлівасць у расходаванні сродкаў. Ты любіш ціха, добра жыць — З разлікам і выгодай. Броўка.

7. Група байцоў, якая абслугоўвае гармату, мінамёт, кулямёт і пад. Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы. Чыгрынаў. Толькі што пры мне старшына роты даў добры наганяй зараджаючаму мінамётнага разліку Уразбаеву. Хомчанка.

•••

Безнаяўны разлік — разлік шляхам пералічэння сум з рахункаў даўжнікоў на рахункі крэдытораў.

Гаспадарчы разлік — метад планавага сацыялістычнага вядзення гаспадаркі прадпрыемства, заснаваны на самаакупаемасці, без дапамогі сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Наяўны разлік — разлік грашыма, якія маюцца ў наяўнасці.

Брацца (прымацца) у разлік гл. брацца.

Браць (узяць) у разлік гл. браць.

Звесці разлікі гл. звесці.

разліко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да разліку (у 1 знач.), звязаны з тэхнічнымі разлікамі пры праектаванні. Разліковыя лічбы.

2. Які служыць для падлікаў, для аблягчэння вылічэнняў. Разліковая табліца.

3. Прызначаны для ўліку грашовых сродкаў, правядзення плацяжоў і іншых грашовых разлікаў. Разліковы банк. // Прызначаны для запісаў плацяжоў, заработнай платы. Разліковыя ведамасці. Разліковая кніжка.

4. Такі, за які праводзіцца разлік (у 2 знач.); выніковы. Разліковы месяц. Разліковы перыяд.

разліне́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлінеіць.

2. у знач. прым. На якім праведзены лініі. Разлінееная папера. Разлінеены сшытак.

разліне́іць, ‑ею, ‑еіш, ‑еіць; зак., што.

Правесці на паперы лініі для пісання па іх або паміж імі. Разлінеіць ліст паперы.

разліне́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлінейваць — разлінеіць.