разлік, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлічваць — разлічыць.

2. Плата за работу, паслугі, па рахунках і пад. [Ганна:] — Э, — э, мілая вы мая, няма чаго казаць аб разліку. Будзем здаровы — разлічымся. Васілевіч. // Звальненне з поўнай выплатай заробленых грошай. Дамашнія справы, разлік на службе затрымалі хлопца на некалькі дзён. Дуброўскі. Пакуль Славік узяў разлік, атрымаў характарыстыку, прайшло колькі часу, і на першую машыну мы спазніліся. Даніленка.

3. перан. Расплата, пакаранне. Кароткі разлік. Разлік за недагляд будзе суровы. // звычайна мн. (разлікі, ‑аў). Узаемныя крыўды, непаразуменні. Толькі на час такіх важных для ўсяго народа падзей, як вайна супроць чужаземцаў, забываюцца старыя спрэчкі і разлікі паміж асобнымі родамі і сем’ямі. В. Вольскі.

4. Намер, меркаванне. Павел прадзёўб паглыбленне з такім разлікам, каб выбух выкінуў пліту ўгару, уставіў апошні зарад і адбегся за сцяну. Шыцік. І бачу, бяруцца [зладзеі] напрасцяк на касу, намагаюцца хутчэй да берагу даплысці — відаць, быў у іх нейкі хітры разлік. Краўчанка. // Спадзяванне на што‑н. [Юра] спадзяваўся сустрэць .. [у бары] Ніну, бо, па яго разліках, яна яшчэ не магла паехаць. Навуменка. [Міхась:] — А мне здаецца, што гэта — толькі педагагічны прыём. Разлік на давер’е, самая модная ў наш час тэндэнцыя. Савіцкі.

5. Карыслівыя намеры, меркаванні. Выратаваць Мірона можа толькі новы грамадскі лад, калі на крэўныя сувязі і на суадносіны паміж людзьмі не будуць мець уплыву матэрыяльныя разлікі. Каваленка. // Разм. Выгада, карысць. А сам я мяркую: разліку няма, каб праца мая прападала дарма. А. Вольскі. На поплаве, дзе пасвяцца каровы, агонь раскладаць няма разліку. Навуменка.

6. Беражлівасць у расходаванні сродкаў. Ты любіш ціха, добра жыць — З разлікам і выгодай. Броўка.

7. Група байцоў, якая абслугоўвае гармату, мінамёт, кулямёт і пад. Ля вясковых могілак ужо бегалі артылерысты. Там спынілася гаўбічная батарэя, і артылерыйскія разлікі ўстанаўлівалі гарматы. Чыгрынаў. Толькі што пры мне старшына роты даў добры наганяй зараджаючаму мінамётнага разліку Уразбаеву. Хомчанка.

•••

Безнаяўны разлік — разлік шляхам пералічэння сум з рахункаў даўжнікоў на рахункі крэдытораў.

Гаспадарчы разлік — метад планавага сацыялістычнага вядзення гаспадаркі прадпрыемства, заснаваны на самаакупаемасці, без дапамогі сродкаў дзяржаўнага бюджэту.

Наяўны разлік — разлік грашыма, якія маюцца ў наяўнасці.

Брацца (прымацца) у разлік гл. брацца.

Браць (узяць) у разлік гл. браць.

Звесці разлікі гл. звесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)