скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.
1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.
2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.
скрыві́ць, скрыўлю, скрывіш, скрывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым; перакасіць, выгнуць. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ». [Маша] ставіць на паперцы тры крыжыкі, ды і то нейкія крывыя. І сама галаву неяк скрывіць. Брыль. / у безас. ужыв. Яго скрывіла ад скразняку. // Збіць набок, стаптаць. Скрывіць туфлі. // Адхіліць ад пэўнага кірунку; пайсці не прама. Навёў [Платон] .. [паркан] ад хлявоў, як ён і стаяў, цэлячыся на дзічку. Вёў, вёў яго і раптам — хваць! — скрывіў. Укапаў шулку так, што груша апынулася на яго баку. Ракітны. І, як на злосць, яму [Мікіту] адну Валы скрывілі баразну. Купала. // Надаць ненатуральны выраз (рысам твару); перакасіць. Дзяўчына нездаволена скрывіла губкі. Зарэцкі. Вакула паціснуў плячамі і скрывіў рот: што, маўляў, чэпішся да мяне брыгадзір. Радкевіч. Тут д’ябальская ўсмешка скрывіла Ясеў твар. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. У спраўніка твар аж скрывіла ад злосці. Лобан. // Пачаць дзейнічаць насуперак устаноўкам, рашэнням, дырэктывам. Скрывіць лінію партыі.
скры́ганне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыгаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Скрыганне варот.
скрыгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да скрыгаць.
скры́гат, ‑у, М ‑гаце, м.
Рэзкі гук, які ўзнікае пры моцным трэнні прадметаў адзін аб адзін. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў. Гартны. Саламону, здавалася, што кожнае слова рэжа яму вуха, нібы скрыгат нажа па шкле. Бядуля. Па галоўнай Савецкай вуліцы горада хадзіла конка і чуваць быў жудасны скрыгат яе калёс, гучныя крыкі канагонаў. Хведаровіч.
скрыгата́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыгатаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
скрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
1. Утвараць гукі скрыгату. Кулямётнымі чэргамі стракаталі .. малаткі кляпальшчыкаў, скрыгатала жалеза на свідравальных станках, нешта скавытала, сінела. Хадкевіч. Гэта не танкі скрыгочуць, А цягачы. Астрэйка. // чым. Рабіць скрыгат чым‑н. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі. Колас. Падымаўся [Антон] да відна і да самых прыцемкаў кроіў бляху, грымеў, скрыгатаў ёю. Ракітны. // перан.; чым. Выказваць нездавальненне, злосць. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.
2. Разм. Рыпець. Пакутліва засынаюць Сыраежка і Шохан. Доўга ўздыхаюць, варочаюцца — аж скрыгоча жалезная сетка. Навуменка. Казалі, што кожную ноч .. [Сашка] сушыў .. [боты] на печы, дык яны раніцай аж скрыгаталі на нагах. Гроднеў. Скрыгаталі пёры ў цішы. Мільганула думка тут: Кожны піша, крэсліць, піша... Кляўко.
скрыгатну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да скрыгатаць.
скры́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і скрыгатаць. Танкі скрыгаюць, равуць, Быццам гадзіны, паўзуць. Броўка. На ўскраіне горада па доўгім мосце скрыгаў намёрзлымі ботамі вартавы. Федасеенка. Сузон скрыгае зубамі, кладзецца тварам да зямлі і стогне. Галавач.
скрыгіта́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. скрыгітаць.