ско́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.
1. Тое, што і скаба; невялікая скаба. Змацаваць скобкамі.
2. Тып прычоскі, пры якой валасы падстрыгаюцца па прамой лініі па лбе і патыліцы. Унь яны стаяць. Яраш са скобкай валасоў і жалезным бранзалетам, Юллян Раткевіч глядзіць на Шайку і, здаецца, здагадваецца, што нешта адбылося. Караткевіч.
ско́блевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скоблі. Скоблевае лязо.
ско́бля, ‑і, ж.
Прылада ў выглядзе нажа з ручкамі па канцах для стругання начарна або здзірання кары з бярвення; струг. Каля стальмашні чалавек дзесяць цесляроў акорвалі скоблямі слупы для электралініі. Паслядовіч. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка.
ско́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да скоўкі.
ско́гат, ‑у, М ‑гаце, м.
Абл.
1. Тужлівыя, нудныя гукі; выццё. Скогат ветру. □ Сяржант .. пад новы скогат бомбаў шаснуў убок. Быкаў.
2. перан. Віск, плач. Ты ж выходзіў пад скогат і гвалт Засяваць беларускі папар. І, сустрэўшы нямала цяжкіх перашкод, Дасягнуў ты пастаўленых мэт. Хведаровіч.
ско́гліць, скоглю, скогліш, скогліць; незак.
Абл. Жаласна павіскваць; скуголіць (пра жывёлін). // Жаласна плакаць (пра чалавека). Як загаварыць [Яўхім], дык, здаецца, спявае. І не так сабе спявае, а проста-такі скогліць, енчыць. Чорны.
скок 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 7 знач.). Цяжкі скок каня. // у знач. прысл. ско́кам. Разм. Скачкамі; наўскач. Пасля размовы са сваім земляком, Яўхім кінуўся скокам з шастом да вады. Ракітны. // Разм. Скачок. У два скокі апынуцца ля акна. □ Здавалася, што .. [Апанас] вось-вось чакаў з кустоў скоку якога-небудзь ворага. Пестрак.
2. Тое, што і скокі. Нават стары Позняк, і той гатоў быў ўскочыць з лаўкі і закруціцца ў шалёным скоку з Янінаю. Мурашка.
•••
На жабін скок — вельмі мала.
На скаку; на ўсім (поўным) скаку — у час руху наўскач. Шмат было тады ў стэпе дзікіх коней, і не кожны батыр мог на скаку накінуць на шыю важаку табуна аркан. Даніленка.
То бокам то скокам гл. бокам.
скок 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. скакаць — скокнуць. Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. А жабка як квакне — ды скок у ставок... Грамыка. [Пятро:] — Успомніў пра ружжо і — скок назад у хату, а госць [воўк] тут і выкінуў свой манеўр. Ракітны.
•••
Скок-паскок (нар.-паэт.) — скача, паскоквае, паскакаў.
ско́кі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 6 знач.); танцы. Панна Ядвіга пусцілася ў скокі з сваім «кавалерам». Бядуля. І рогат, песні, скокі, смех Праз водгук у бары Звіняць у Малінаўцы маёй Да позняе пары. Русак.
•••
Скокі святога Віта — нервовая хвароба, пры якой назіраецца міжвольнае паторгванне мускулаў твару або якой‑н. часткі цела; харэя.
ско́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да скакаць (у 1–5, 8 і 9 знач.).
скол, ‑у, м.
1. Месца, дзе адкалоўся, скалоўся кавалак чаго‑н. Скол на камені.
2. зб. Тое, што сколата, сколатыя кавалкі чаго‑н. Ледзяны скол.