Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ске́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., без дап. і (радзей) што.

Разм. Зразумець, разабрацца, сцяміць. Пятрок бы нож пачуў у сэрцы І скеміў зразу, ў чым тут справа. Колас. Я неяк не скеміў спачатку, куды Рыгор вядзе гаворку, але даходзіць яснасці і перапытваць у яго не пасмеў. Адамчык.

скенагра́ма, ‑ы, ж.

Графічнае адлюстраванне пухлінных утварэнняў, якое атрымліваецца на скенеры.

ске́нер, ‑а, м.

Прыбор, які выкарыстоўваецца для даследавання злаякасных пухлін шляхам назірання над размеркаваннем радыеактыўных ізатопаў, уведзеных у арганізм чалавека.

скені́раванне, ‑я, н.

Пошукі злаякаснай пухліны з дапамогай скенера.

ске́псіс, ‑у, м.

Скептычныя адносіны да чаго‑н., сумненне ў чым‑н., скептыцызм (у 2 знач.). Здарылася так, што перад Іванавымі вачыма прамільгнуў вельмі яскравы выпадак жыцця, які надоўга засмуціў яго нявер’ем і скепсісам. Быкаў.

[Ад грэч. skepsis — разбор, сумненне.]

ске́псціцца, ‑пшчуся, ‑псцішся, ‑псціцца; зак.

Разм. Сапсавацца; стаць горшым. — А есці хочаш? — гаварыла маці. — Быў такі разумны хлапец, а во скепсціўся... Бядуля.

ске́птык, ‑а. м.

1. Прыхільнік, паслядоўнік скептыцызму (у 1 знач.). Антычныя скептыкі.

2. Той, хто ва ўсім сумняваецца, да ўсяго адносіцца недаверліва. Міхал Баўдзей па натуры быў скептык, да ўсяго новага ставіўся недаверліва. Колас. Вельмі важна, каб людзі паверылі ў тое, што яны робяць. Але скептыкі і няверы ўсё-такі знайшліся. Вішнеўскі. Даверлівы — зусім не скептык — Усяму я веру, усё цаню... Таўбін.

[Грэч. skeptikos.]

скептыцы́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычны філасофскі напрамак, які імкнецца даказаць няпэўнасць усякага пазнання, абвергнуць магчымасць дасягнення аб’ектыўнай ісціны. Скептыцызмам называе Юм адмаўленне ад тлумачэння адчуванняў уздзейнічаннем рэчаў, духу і т. п., адмаўленне ад звядзення ўспрыйманняў да знешняга свету, з аднаго боку, да бажаства або невядомага духу, з другога. Ленін.

2. Крытычна-недаверлівыя адносіны да чаго‑н., сумненне ў магчымасці, правільнасці чаго‑н. [Васіль:] — Усё ты ставіш пад сумненне, з усіх кпіш. Ведаеш, скептыцызм не да твару... Шамякін.

скепты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць скептычнага. Скептычнасць погляду.

скепты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да скептыцызму (у 1 знач.). Скептычная філасофія.

2. Схільны да скептыцызму (у 2 знач.). — У ружовым канверце — значыць, любіць, — суцяшае мяне Аня Славіна. — Не было пад рукою іншага, — смяецца скептычная Насця Дзятлава. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе скептыцызм. Скептычны тон. □ Праўда, кволы ты надта, хто цябе возьме, — акінуў .. [Апанас] скептычным позіркам Лёню. Нядзведскі. Аптэкар Плакс, хоць і цёмна было, але зрабіў на твары сваім бязмежна скептычную міну. Зарэцкі. // Прасякнуты скептыцызмам, поўны скептыцызму. Скептычныя адносіны да людзей. □ На самай справе, карціна «Мяцежнікі» атрымалася змрочная, глыбока скептычная. «Маладосць».