Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скуба́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скубаць.

скубану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. Аднакр. да скубці (у 1–5 знач.).

2. Разм. Параніць. Там, каля далёкага мангольскага возера Буір-Нур, Панасюка скубанула асколкам сталі. Навуменка.

3. перан. Разм. Урваць сабе, украсці. [Алена:] — А хто .. думае, каб даць нашаму калгасу менш, а скубануць з яго больш — дык няхай ён лепш нам не замінае. Паслядовіч.

скуба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і скубці (у 1–4 знач.). Міканор скубаў .. [салому] жменя за жменяю, люта шпурляў убок — частка яе ляцела ўніз, частка заставалася на страсе, асобныя пасмы з радасцю хапаў, нёс вецер. Мележ.

скубе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. скубці (у 1–3 знач.).

ску́бены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скубці (у 2, 3 знач.).

2. у знач. прым. Пазбаўлены пер’я, поўсці і пад. Скубеная гусь. Скубены трус.

скубну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Тое, што і скубануць.

ску́бці, скубу, скубеш, скубе; скубём, скубяце; незак., каго-што.

1. Цягнуць рыўкамі; цягнучы, браць патроху. Скубці сена. □ Каля самага прыгумення [Курловіч] пачуў, як нехта шастае саломай, скубучы яе са стажка. Дуброўскі.

2. Расскубваць што‑н. пальцамі, разрываць на дробныя часткі. Скубці пер’е. □ Пакрысе .. [маці] скуплівала воўну, прамывала і скубла. Бядуля.

3. Вырываць, адрываць (пра траву і пад.). Поле травіцаю соннай адзелася, Вышла скацінка і дружна скубе. Купала. Бабка Кацярына сядзела ў разоры і жвава скубла маладую лебяду. Якімовіч. Буланы конь за дзень папрацаваў. Цяпер адпачываў і скуб траву. Корбан. // Вырываць, выскубваць (пер’е, пух і пад.). Скубці гусей. □ Паволі таптаўся [Астап] ля печкі, пачаў скубці курыцу. Лынькоў. // перан. Разм. Наносіць урон, шкоду. Відаць, скублі .. [немцаў] тут з усіх бакоў... Няхай.

4. Перабіраць пальцамі, патузваць. Хвалююся. Гімнасцёрку скубу, абцягваю, пілотку папраўляю. Ракітны. Пальцы .. [Люды] нервова скублі батыст насоўкі. Савіцкі. — Зямля відаць мне навылёт, Заткну за пояс вас! — І грозна стукнуў кулаком, Нервова вус скубе [бацька]. Бялевіч. // Тузаць, трэсці. — Дай мне слова! — скубе за рукаў старшыню Гарбач. Мурашка. Юзік .. засаромеўся сваіх таварышаў, якія скублі яго за полы ватовай капоты. Чорны. // Цягнуць рэзкімі рухамі. — [Бацька] ўжо не вернецца? — пытае Зміцерка. — Маўчы, дурненькі, — кажа Ганначка і балюча скубе Зміцерку за валасы. Асіпенка. / Пра вецер. Гусцее пад далёкім полем вячэрняя смуга. Вецер зласней скубе фіранку, — спяшае, каб хутчэй аціхнуць нанач. Пташнікаў.

5. Зашчэмліваючы пальцамі скуру, прычыняць боль. — Анэлька, баліць, дурная ты! — азвалася ціха Яніна. — Баліць... Я ж і хачу, каб балела... — праказвала яна, скубучы тую, дзе пападзе. Мурашка.

6. перан. Непакоіць, дакучаць; патрабаваць чаго‑н. [Старшыня:] — Цябе адзін загадчык райана скубе, а мяне ўсё раённае начальства. Асіпенка. Тут табе і яблычак свежы, і мядок пахучы, не якая-небудзь ферма, дзе цябе кожны скубе, а павагі ніякай. Ермаловіч. // Крыўдзіць. [Галя:] — [Іру] ўсе тузаюць і скубуць у класе. Гарбук.

ску́бціся, скубецца; незак.

1. Пра магчымасць лёгка скубці (у 1, 2 і 3 знач.). Цяжка скубці са стога — зляжалася за зіму. Чалавек адбег некуды далей, мабыць, пашукаць, дзе лягчэй скубецца. Сабалеўскі.

2. Зал. да скубці (у 1, 2 і 3 знач.).

скубяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і скубануць.

скуго́ленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. скуголіць.