Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сквайр, ‑а, м.

1. Скарочаная форма англійскага дваранскага тытула эсквайр.

2. Тытул суддзяў і мясцовых службовых асоб у Англіі і ЗША. // Асоба, якая мае гэты тытул.

[Англ. sguire.]

сквалы́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑лызе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Абл. Скнара, жмінда. Адзін сквалыга, які вадзіў каня на начлег, паквапіўся на дабро дэсантнікаў. Навуменка.

сква́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сквапнага; прагнасць. Ніводзін твар не перасмыкнуўся рысай хцівасці, ні ў каго вочы не кінулі позірку сквапнасці. Чорны. Ва ўсіх учынках і паводзінах Лазуна выяўляюцца сквапнасць, прага да нажывы, якія выцясняюць іншыя чалавечыя якасці. Хромчанка.

сква́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Прагны да багацця, хцівы, скупы. Надта ж прагавіты і сквапны быў бацька, надта ж пільнаваў, каб божа барані ніхто і хвілінкі не пасядзеў без работы. Сачанка. — Я чалавек не сквапны і за вялікім не ганюся, — растлумачыў .. [Бабейка] сваю просьбу. Хадкевіч. Не адступаў і бацюшка, хоць добра ведаў, што Хведар сквапны і больш не дасць. Кірэйчык.

2. на што, да чаго. Які прагна імкнецца што‑н. мець у вялікай колькасці; ласы да чаго‑н. [Ратчык:] — А я быў на .. [баравікі] не вельмі сквапны. Новікаў. [Паланевіч:] Я чуў, што .. [Буяк] на выпіўку сквапны. Крапіва. // Пажадлівы. Сквапнымі вачыма Крушынскі аглядае .. прыгожую постаць [Мэры]. Бядуля.

сква́ранне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. скварыць (у 1 знач.).

сква́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад скварыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны сквараннем. Скваранае сала.

сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.

сква́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пячыся на агні; смажыцца. Палілася печ (нанач браўся мароз); у печы скварылася свежына. Чорны.

2. Разм. Грэцца на сонцы; знаходзіцца ў вельмі гарачым месцы. Скварыцца на сонцы.

3. Зал. да скварыць (у 1 знач.).

сква́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Пячы на агні (пра сала і пад.). [Сабастыяніха] скварыла сала на вялікай скаварадзе. Чорны.

2. што. Запраўляць сквараным салам. Скварыць кашу.

3. перан.; каго-што і без дап. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Няшчадна скварыла сонца. □ На ясным блакіце зрэдку паказваліся белыя хмурынкі, але да паўдня рассейваліся, і сонца проста скварыла ўсё жывое. С. Александровіч.

сква́сіцца, ‑сіцца; зак.

Скіснуць, стаць квашаным. Капуста сквасілася.