сква́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Падсмажаны або звараны кавалачак сала. Злосна сквірчэлі на патэльнях духмяныя скваркі. Новікаў. Хоць і незнаёмы госць Для бацькоў, але — Скварка і яешня ёсць З чаркай на стале. Куляшоў. // Разм. Наогул сырое сала; адрэзаны кавалачак сырога сала для яды. [Жэньцы] дома трэба быць — парсючку піць занесці. Бо калі парсючок галодны будзе, дык і сала не нарасце, і скваркі не будзе. Крапіва. Бацька ўпіраўся, не хацеў вучыць дачок .. Грошай ад яго яны ніколі не бачылі. Так якой бульбы мех, круп, якую скварку прысылала маці. Арабей. Моўчкі ем гарачы блінец з сырой халоднай скваркай. Дайліда. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)