Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

скі́ба, ‑ы, ж.

1. Луста (звычайна хлеба). Дзядзька падносіць ім [братам Стыфанцовым] тлустае сала, Рэжа таўшчэзнымі скібамі хлеб. Прыходзька. Што было ў каго, паклалі На траву-мурог: Скібу сыру, жменю солі, Чорны хлеб, пірог. Танк.

2. Пласт узаранай зямлі. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скібы цёплай, бурай зямлі. Пестрак. Перайшлі хлопцы цераз граду з чорнымі, як сажа, скібамі свежаўзаранай зямлі. С. Александровіч. // Наогул пласт чаго‑н. Скіба дзёрну. □ Адмыслова малаток адбойны У забоі крышыць скібы вугалю. Звонак.

•••

Адрэзаная скіба (луста) — пра чалавека, які канчаткова парваў сувязь з сям’ёй, з калектывам, жыве асобна.

скі́бачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да скіба. Тамара, каб не пакрыўдзіць гаспадыні, узяла тоненькую скібачку. Яна пераламалася ў руках, пасыпаліся крошкі на белы абрус. Гурскі. Гарбач кроіць на скібачкі сухі чорны акраец і налівае ў шклянкі малака. Мурашка.

скі́біна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і скіба. Скібіна хлеба. □ З сяўнёю сявец пахаджае, На скібіны валіцца зерне. Купала.

скі́бка, ‑і, ДМ ‑бцы; Р мн. ‑бак; ж.

Памянш. да скіба: невялікі тонкі кавалачак (звычайна хлеба). Складанчыкам адрэзаў [дзед] па скібцы хлеба і па кавалачку сала і падаў сябрам: — Падмацуйцеся, тады з вас і работнікі лепшыя будуць. Рылько. Плуг глыбока ўрэзваўся ў зямлю, кроіў яе на скібкі. Васілевіч.

скі́віца, ‑ы, ж.

1. Кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы. Васіль апусціў вочы, старанна запрацаваў сківіцамі, перажоўваючы хлеб. Шамякін. Мікульскі сціснуў сківіцы, каб не застагнаць. Місько. // Верхняя або ніжняя частка твару ці морды, дзе знаходзіцца гэтая косць. Асноўнай зброяй шчупакоў з’яўляюцца вострыя і шматлікія зубы-іклы, якімі літаральна ўсеяны іх ніжнія сківіцы. Матрунёнак. Цялушка, чакаючы, каб яе пачухалі пад сківіцаю, трасе галавою і выцягвае морду. Колас. // Пра шчаку наогул. [Павел] ляжыць ніцма пад ядлоўцавым кустом і, абапёршыся валасатымі сківіцамі на рукі, глядзіць у зямлю. Кулакоўскі.

2. Пласцінка з штучнымі зубамі, зубны пратэз. Камандзір, не вітаючыся, хутка падышоў да мяне і, злосна агледзеўшы з галавы да ног, гаркнуў так, што ледзь не вывалілася ўстаўная верхняя сківіца зубоў. Гурскі. // перан. Дэталь механізма, якая служыць для захоплівання або раздрабнення чаго‑н. Каля Дома афіцэраў два магутныя экскаватары выгрызалі сваімі стальнымі сківіцамі гару. Паслядовіч. Мы спыняемся перад машынай з магутнымі сківіцамі. В. Вольскі.

скі́вічны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сківіцы. Сківічная косць. Сківічныя мускулы. // Які звязаны з лячэннем сківіцы. Сківічная аперацыя. Сківічная хірургія.

скід, ‑у, М ‑дзе, м.

У геалогіі — перамяшчэнне часткі горных парод па трэшчыне ў вертыкальным або нахільным кірунку.

скі́давы, ‑ая, ‑ае.

У геалогіі — які ўтварыўся ў выніку скіду. Скідавая трэшчына. Скідавыя горы.

скіда́льнік, ‑а, м.

Спец. Прыстасаванне для скідвання чаго‑н.

скіда́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для скідання чаго‑н. Скідальнае акно.