скна́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Надзвычай скупы чалавек. [Патржанецкі:] — А Сорка яго, выбачайце, такая скнара... Над кожным кавалкам дрыжыць. Чарнышэвіч. [Грышка:] — Нельга быць такім скнарам, як твой бацька. Ён табе шкадуе кавалка хлеба, а не тое, што каму-небудзь. Паслядовіч.
скна́рлівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарлівага, надзвычайная скупасць. У хаце Раманоўскіх часта нядобрым словам успаміналі Сухавеяў, расказвалі пра іх скнарлівасць і нечалавечнасць. С. Александровіч.
скна́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Надзвычай скупы, прагны (пра чалавека). Гарэла мука, чай, тытунь — усё тое, над чым яшчэ ўчора калаціўся скнарлівы Кід і што так патрэбна было бедным чукоцкім ярангам. Бяганская. // Уласцівы скупому чалавеку. Па беражліваму, нават скнарліваму характару .. [гаспадыні] я добра ведаў, што адна з .. [шаф] была завалена атопкамі чаравікаў, дзіравых валёнак, рознай абутковай старызнай. Ракітны.
скна́рнасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарнага. Гэтыя жанчыны пазбаўлены той грубай эгаістычнай сілы і той сялянскай скнарнасці, якою так багата надзяліў пісьменнік сваіх герояў. Хведаровіч. [Андрэй:] — Няма ў маёй душы ні прагнасці да багацця, ні кулацкай скнарнасці. Машара.
скна́рнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Быць скнарай, праяўляць надзвычайную скупасць. Ад парога [старшыня] дадаў тым жа строгім і ўладарным голасам, .. каб Сямён не скнарнічаў, а зрабіў патрэбнае неадкладна ж. Савіцкі.
скна́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і скнарлівы. Антоля дасціпная да ўсялякай работы і праз меру скнарная кабета. Якімовіч.
скна́рыстасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць скнарыстага. [Аміля] гаварыла пра неахайнасць Сёмкі Фартушніка, пра яго скнарыстасць. Чорны.
скна́рысты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і скнарлівы. Не мог жа Змітрок, скнарысты і недалёкі чалавек, з якім Кірыл звязаўся дружбаю, дапамагчы яму знайсці сваё месца. Кавалёў. Здаўна ведаючы скнарысты Кастусёў характар, .. Антон проста ў вочы спытаў: — Што ў цябе? Грамовіч.