скрыгата́ць, ‑гачу, ‑гочаш, ‑гоча; незак.
1. Утвараць гукі скрыгату. Кулямётнымі чэргамі стракаталі .. малаткі кляпальшчыкаў, скрыгатала жалеза на свідравальных станках, нешта скавытала, сінела. Хадкевіч. Гэта не танкі скрыгочуць, А цягачы. Астрэйка. // чым. Рабіць скрыгат чым‑н. [Нявіднага] адлівалі вадою, зноў мучылі, а ён толькі скрыгатаў сціснутымі зубамі. Колас. Падымаўся [Антон] да відна і да самых прыцемкаў кроіў бляху, грымеў, скрыгатаў ёю. Ракітны. // перан.; чым. Выказваць нездавальненне, злосць. Хай злыдні над намі скрыгочуць зубамі — Любі сваю ніву, свой край. Купала.
2. Разм. Рыпець. Пакутліва засынаюць Сыраежка і Шохан. Доўга ўздыхаюць, варочаюцца — аж скрыгоча жалезная сетка. Навуменка. Казалі, што кожную ноч .. [Сашка] сушыў .. [боты] на печы, дык яны раніцай аж скрыгаталі на нагах. Гроднеў. Скрыгаталі пёры ў цішы. Мільганула думка тут: Кожны піша, крэсліць, піша... Кляўко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)