пульну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да пуляць.
пу́льпа, ‑ы, ж.
Спец.
1. Рыхлая злучальная тканка, якая запаўняе поласць зуба.
2. Сумесь якога‑н. сыпкага, раздробленага рэчыва з вадой або іншым растваральнікам.
[Ад лац. pulpa — мякаць.]
пульпаправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Трубаправод, па якім падаецца пульпа (пры земляных, горных і інш. работах, якія выконваюцца шляхам гідрамеханізацыі). Трубы пульпаправода.
пульпі́т, ‑у, М ‑піце, м.
Запаленне зубной пульпы.
пульс, ‑у, м.
1. Хвалепадобны рытмічны рух сценак крывяносных сасудаў, які выклікаецца выштурхваннем крыві з сэрца. У нейкі крытычны момант у .. [парадзіхі] пасінелі пазногці і пульс упаў да мінімуму. Шамякін. // Месца, дзе адчуваецца, намацваецца гэты рух. Нахіліўшыся над хворай, Аліса Іванаўна ўзяла яе руку, намацала пульс. Марціновіч.
2. перан.; чаго або які. Рытм, тэмп чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і г. д.). З надыходам вечара пульс жыцця на аэрадроме не толькі не сцішаўся, але яшчэ і пачынаў біцца хутчэй. Шахавец. Сюды сыходзіліся ўсе ніці ад дзеючых часцей і злучэнняў фронту, і тут асабліва поўна адчуваўся баявы пульс вайны. Дудо.
[Ад лац. pulsus — штуршок.]
пульсава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пульсаваць.
пульсава́ць, ‑суе; незак.
1. Рытмічна біцца, мець пульс (пра сэрца, артэрыі і пад.). На лбе ўсхвалявана пульсавала тонкая сіняватая жылка. Гамолка. // Рытмічна рухацца па крывяносных сасудах (пра кроў). У такіх роздумах Людвік і дабег да свайго лагера. Нейкі час не прыслухоўваўся, як пульсуе кроў у дзяўчыны, ці трымаецца ў грудзях дыханне. Кулакоўскі. І зноў з усіх ног бягу прэч ад школы... Бягу, а ў скронях б’е, пульсуе, аж звініць кроў — гэта праўда, усё праўда, што я думаў... Сачанка.
2. перан. Рытмічна рухацца; актыўна праяўляцца. Над Дняпром, над Волгай, над Масквой-ракою, — скрозь жыццё пульсуе, шпаркае такое. Дубоўка. Творчая фантазія пульсуе тут моцна, і актуальнасць праблематыкі не слабее. У. Калеснік.
пу́льсавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пульсу. Пульсавыя ўдары. Пульсавы ціск.
пульсаме́тр, ‑а, м.
Помпа аб’ёмнага тыпу, у якой вадкасць выцясняецца парай ці газам.
пульса́р, ‑а, м.
Нябеснае цела, якое дае хуткаперыядычнае выпрамяненне (радыёхвалевага, рэнтгенаўскага ці аптычна-рэнтгенаўскага дыяпазонаў).
[Ад англ. pulse — імпульс.]