непара́дак, ‑дку, м.
Адсутнасць або парушэнне парадку; беспарадак. Тут быў страшэнны непарадак — На тое час быў перабору. Была адчынена камора І сені насцеж. Як папала Надоба розная стаяла. Колас. У пакоі панаваў непарадак: ложкі былі незасланы, на стале стаяў непамыты посуд, усюды было параскідана адзенне. Бяганская. Узлезшы на воз, Сімон знайшоў непарадкі: мяхі ляжалл не так, як трэба, няёмка было сядзець. Самуйлёнак.
непаразуме́нне, ‑я, н.
1. Няправільнае або недастатковае разуменне чаго‑н., выпадковая памылка. Усе, зразумеўшы сутнасць справы, заўсміхаліся. Непаразуменне, здавалася, было поўнасцю вырашана. Кавалёў. Чалавек змаўкаў, бялеў і тросся ўвесь, як у ліхаманцы. Гэта быў, трапіўшы сюды [у склеп] па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў.
2. Адсутнасць узаемнага разумення. [Андрэй Гаўрылавіч:] — Калі бацькі ясна ведаюць, што яны хочуць ад сваіх дзяцей, а дзеці — што ад іх хочуць бацькі, то тады ніякага непаразумення між імі не будзе. Грамовіч. Непаразуменне паміж сяброўкамі, як раптоўна ўспыхнула, так раптоўна і пагасла. Машара.
непараўна́льна, прысл.
Значна, у шмат разоў. Нялёгка сказаць: усынавіць [Уладзіка], але непараўнальна цяжэй зрабіць гэта. Марціновіч.
непараўна́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непараўнальнага.
непараўна́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што цяжка параўнаць з кім‑, чым‑н. іншым; надзвычайны. Непараўнальная прыгажосць. □ Вядома, Колас непараўнальны майстар, пісьменнік з вялікім вопытам і выдатнай літаратурнай школай. Перкін. Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў, Гаршын, Горкі, Купрын — яны прыйшлі другою хваляй, пасля Пушкіна, Лермантава, Гогаля, яны назаўсёды здаліся.. [Алесю] непараўнальнымі, яны павялі яго ў родны хвалюючы свет!.. Брыль.
2. Які так адрозніваецца ад чаго‑н., што нельга параўноўваць. Непараўнальныя велічыні.
непарты́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не з’яўляецца членам якой‑н. партыі; беспартыйны.
2. Які не адпавядае праграме, прынцыпам, мэтам якой‑н. палітычнай партыі. Непартыйныя паводзіны.
непару́шнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непарушнага. Непарушнасць граніц. □ Раніцай пасля доўгай ночы.. [пейзаж] радаваў спакоем, непарушнасцю. Шыцік.
непару́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга парушыць; моцны. Непарушнай дружбай моцна мы з’яднаны. Журба. Тое, што здавалася раней непарушным, усталяваным назаўсёды, цяпер паліў, руйнаваў, захопліваў вораг. Мележ. // Які нічым не парушаецца. Спіце, нашы таварышы, Ваш спакой непарушны! Мы стаім каля вас — І браты і сыны. Броўка.
2. Які захоўваецца ў цэласці, не падлягае расходаванню. Непарушны запас харчоў.
непары́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан непарыўнага. Непарыўнасць гістарычных сувязей.
непары́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога нельга раздзяліць на часткі; суцэльны. Непарыўныя часткі якой-небудзь сістэмы. □ Насустрач цягніку ля дарогі мільгаюць непарыўнымі пасачкамі краскі: жоўтыя, сінія, белыя. Галавач.
2. Такі, якога нельга раз’яднаць; непарушны. Барацьба за мір, дэмакратыю, нацыянальную незалежнасць, сацыялізм — гэта непарыўныя звенні адзінага працэсу. «Звязда». [Хлопцы] доўга, яшчэ за поўнач, гаварылі на сене аб іхняй непарыўнай дружбе, шкадавалі адзін аднаго. Каваль.