зблі́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад зблізіць.
збліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да зблізіцца.
2. Зал. да збліжаць.
збліжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да зблізіць.
збліжэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. збліжаць — зблізіць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. збліжацца — зблізіцца. Збліжэнне тэорыі з практыкай. Збліжэнне поглядаў.
зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.
1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.
2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».
3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».
зблі́зіць, збліжу, зблізіш, зблізіць; зак., каго-што.
1. Перамясціць на больш блізкую адлегласць, наблізіць адно да другога. Зблізіць канцы дроту. Зблізіць электроды. // Устанавіць больш цесную сувязь, узаемадзеянне паміж чым‑н. Зблізіць навуку і вытворчасць.
2. Стварыць блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны паміж кім‑н. Тое, што Ірын бацька ведаў наш раён, што ён там праводзіў калектывізацыю і што ён расказваў мне пра гэта за чаем, неяк адразу зблізіла мяне з гэтым суровым на выгляд чалавекам. Сабаленка. [Каморнік] першы раз сказаў .. [Ганне] «ты», і гэта канчаткова зблізіла іх. Чорны.
зблі́зку, прысл.
З блізкай, на блізкай адлегласці; блізка. Разгледзеўшы панну Марыну зблізку, Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў. Колас. // З блізкай мясцовасці. Чалавек ішоў, відаць, не зусім зблізку і вельмі спяшаўся. Кулакоўскі. Родам .. [Вялічка] быў не тутэйшы, хоць зблізку, але з мясцовасці крыху іншай, як тут. Чорны.
збло́ціць, зблочу, зблоціш, зблоціць; зак., што.
Абл. Сапсаваць, зглуміць. Многа зблоціла, пад’ела І магла б ісці дадому, Ды па свінскай завядзёнцы Завалілася ў салому. Дзеружынскі.
зблудзі́цца, зблуджуся, зблудзішся, зблудзіцца; зак.
Разм. Тое, што і зблудзіць. — Не зблудзіцца б нам у гэтым гушчары, — ціха сказаў [Лясніцкі]. Шамякін.
зблудзі́ць, зблуджу, зблудзіш, зблудзіць; зак.
Згубіць дарогу, страціць арыенціроўку; заблудзіць. Зблудзіць у пушчы. // перан. Стаць на няправільны, заганны шлях жыцця, зрабіць памылку ў жыцці. Пасля такога заключэння ўсе, хто быў на абмеркаванні, зірнулі на мяне: адны са спагадай — маўляў, хлопец зблудзіў, другія з прытоеным яхідствам. Сабаленка.