зблі́зіцца, збліжуся, зблізішся, зблізіцца; зак.

1. Перамясціцца на больш блізкую адлегласць, наблізіцца адзін да аднаго. Машыны зблізіліся. Касмічны карабель зблізіўся з арбітальнай станцыяй.

2. Уступіць у блізкія (сяброўскія, інтымныя і пад.) адносіны з кім‑н.; стаць блізкім адзін другому. Калі дзядзька стаў калгасным пастухом, .. Алесь яшчэ больш зблізіўся з ім. Сіняўскі. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. // перан. Блізка пазнаёміцца з чым‑н., заняцца чым‑н. Там ён яшчэ больш зблізіўся з тэхнікай і пасля дэмабілізацыі, ужо сталым камсамольцам, адразу ж падаўся вучыцца ў Магілёўскую школу механікаў МТС. «Звязда».

3. Стаць падобнымі, выявіць падабенства. Словы зблізіліся па значэнню. □ Пасля вызвалення ад польска-шляхецкага прыгнёту шляхі ўкраінскага і беларускага народаў не разышліся, а яшчэ больш зблізіліся. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)