галашта́нны, ‑ая, ‑ае.
Разм. неадабр. Без штаноў, напаўраздзеты. Галаштанны хлапчук.
галашчо́к, ‑у, м.
Абл. Вялікі мароз з ветрам (звычайна ў пачатку зімы да выпадзення снегу). Вось аднойчы ўдарыў галашчок, падзьмуў халодны, сіберны вецер і аднекуль прыгнаў цёмныя, нізкія хмары. Сачанка.
галашэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. галасіць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ніна ўявіла вёску, ахопленую пажарам, крыкі і галашэнне жанчын, дзікае рыканне жывёлы, і ў яе замерла сэрца. Шчарбатаў.
2. Від даўнейшых народных абрадавых песень: плач з выпадку смерці, выхаду замуж і пад. Маналогі Крыстыны пабудаваны на.. імправізацыі беларускіх.. песень і галашэнняў. «Полымя».
галга́н, ‑а, м.
Уст. лаянк. Галадранец; нягоднік. Пан пачынае з высокага ганка: — Як ты асмеліўся, галган пракляты, каля палаца хадзіць панібратам? Дубоўка. — Хапай, хапай яго, галгана! — закрычаў пан на лёкая. — Гэта ж Рымша! Якімовіч.
[З польск.]
галго́фа, ‑ы, ж.
1. Месца паблізу Іерусаліма, дзе, паводле біблейскіх паданняў, праводзілася пакаранне і дзе быў распяты Хрыстос.
2. перан. Месца нягод і пакуты, крыніца няшчасця. Вось яно маячыць ужо.. на спадах блізкай гары, славутае Каджорскае шасэ, галгофа многіх. Самуйлёнак.
[З арамейскай.]
гале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. галіць і галіцца.
гале́нь, ‑льня, м.
Абл. Стары венік без лісця; дзяркач. Маці, відаць, цэлы гай.. гальнёў сшаравала, Пакуль падлога Зрабілася гладкая. Барадулін.
гале́ра, ‑ы, ж.
Вялікае драўлянае мнагавёсельнае ваеннае судна (да пачатку 19 ст.).
[Іт. galera.]
гале́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да галеры, галер. Галерная аснастка. Галерны флот.
галерэ́я, ‑і, ж.
1. Вузкі крыты калідор, праход, які злучае дзве асобныя часткі будынка. // Доўгі крыты калідор або балкон уздоўж сцяны дома. Вісячая галерэя. // Доўгая вузкая, адкрытая з бакоў або зашклёная пабудова, якая размешчана асобна ад жылля і прызначана для прагулак, адпачынку і пад.
2. Верхні ярус у тэатры, цырку і пад. Галерэі тэатра запоўнены гледачамі.
3. Доўгі і вузкі падземны ход у ваенных збудаваннях, горных вырабатках і пад. Падземная галерэя. □ [Дошцы] прыйдзецца ляжаць у новым доме, у моцнай столі, ці галерэю абшываць дзе-небудзь у далёкай штольні. Дудар.
4. Спецыяльна ўпарадкаванае памяшканне для выстаўкі мастацкіх твораў; мастацкі музей. Карцінная галерэя.
5. перан. Пералік, шэраг, сістэма чаго‑н. Галерэя вобразаў. □ Купала паказвае цэлую галерэю прадстаўнікоў капіталістычнага драпежніцтва. Івашын.
[Іт. galleria.]