вартавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Прызначаны для варты. Вартавая вышка. Вартавыя пункты. □ Вартавы катэр увайшоў у бухту і кінуў якар. Хомчанка. // Звязаны з нясеннем варты. Вартавая служба.
2. у знач. наз. вартавы́, ‑ога, м. Той, хто стаіць на варце. Пры хаце застаўся адзін толькі вартавы, ён жа і перакладчык. Брыль. Патржанецкі прыйшоў у лагер ужо вечарам. Ніхто не сустрэў яго. Ніякіх застаў, ніякіх вартавых не было. Чарнышэвіч.
ва́ртасны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з вартасцю, грашовы. Вартасныя адносіны.
ва́ртасць, ‑і, ж.
1. Каштоўнасць, цана (пра грашовыя знакі, цэнныя паперы). Аблігацыя вартасцю ў дзесяць рублёў.
2. Кошт чаго‑н. у грашовых адзінках. Ацэначная камісія вокам прыкідвала вартасць пазвожанай маёмасці. Скрыган.
3. Спец. Грамадска неабходная праца, затрачаная на вытворчасць тавару і ўвасобленая ў гэтым тавары. Закон вартасці.
4. перан. Станоўчая якасць, важнасць; значэнне. Іншы раз здараецца, што недаацэнка або пераацэнка мастацкіх вартасцей твора вядзе да парушэння перспектывы літаратурнага працэсу. Шкраба. Вайны прайшоў я полымя і змрок. І мне вядома добра міру вартасць. Зарыцкі. // часцей мн. З’явы, прадметы, якія маюць вялікае значэнне. — Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых, — сказаў Турсевіч. Колас.
•••
Прыбавачная вартасць — частка вартасці тавару, якая ствараецца працай наёмных рабочых і прысвойваецца эксплуататарскімі класамі.
Спажывецкая вартасць — здольнасць тавару задавальняць якую‑н. патрэбу пакупніка.
вартаўні́к, ‑а, м.
Чалавек, які ахоўвае што‑н. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару, ды прыслухоўваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец.
вартаўні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Жанчына, якая прыбірае школу і наглядае за ёю; тэхнічка.
вартаўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які прызначаны для вартаўніка, належыць яму. Вартаўнічая будка.
2. у знач. наз. вартаўні́чы, ‑ага, м. Тое, што і вартаўнік.
варто́ўня, ‑і, ж.
Разм. Памяшканне для вартаўніка; старожка. Яшчэ да вайны тут [на паляне] стаяла вартоўня лесніка. Сачанка.
ва́рты, ‑ая, ‑ае; варт, ‑а.
1. Які заслугоўвае чаго‑н. Варты ўвагі, жалю. □ [Ветэрынар] гляне Дэрашу ў зубы і адразу ўбачыць, чаго конь варты. Якімовіч. А сёння сталі хлеб дзяліць, прыпомнілі, чаго хто варты. Дудар. // Які адпавядае каму‑, чаму‑н. Партсход прызнаў Паўла Дэшку вартым высокай годнасці камуніста. Дуброўскі. Паэма «Курган» займае вартае месца не толькі сярод твораў Я. Купалы, але і ва ўсёй беларускай літаратуры. Шкраба. // Каштоўны, дарагі. З дзедавых слоў выходзіла, што цяпер ні звера вартага не засталося ў лесе, ні рыбы ў балоце. Мележ.
2. у знач. наз. ва́ртае, ‑ага, н. Тое, што мае значную вартасць; добрае. [Васіль Пятровіч:] — Загінулі ўсе [будынкі вуліцы], і невядома, калі давядзецца працаваць над чым-небудзь вартым... Карпаў.
•••
Адзін другога варты гл. адзін.
Гроша ломанага не варты — не мае ніякай вартасці, каштоўнасці, ніякага значэння.
Куды (чаго) гэта варта? — ужываецца пры адмоўнай эмацыянальнай ацэнцы чаго‑н.
Не варты выедзенага яйца — пра што‑н. вельмі дробязнае, нікчэмнае.
Нікуды (нічога) не варты — вельмі дрэнны.
Чаго варты! — ужываецца пры высокай эмацыянальнай ацэнцы чыіх‑н. якасцей.
Шкурка вырабу не варта гл. шкурка.