ваява́ць, ваюю, ваюеш, ваюе; незак.
1. Весці вайну супроць каго‑н. Ваяваць да перамогі. // Прымаць удзел у вайне. У імперыялістычную вайну Васіль Хамутоўскі ваяваў з Грыбоўскім у адной часці, жыў у адным акопе. Курто. Брэсцкая зямля ашаламіла разбэшчаных захопнікаў: ваявалі жывыя і мёртвыя, руіны стралялі ва ўпор. «Звязда».
2. перан.; з кім-чым. Змагацца, імкнуцца пераадолець што‑н.; дамагацца ажыццяўлення чаго‑н. З першых жа дзён Максіму прыйшлося ваяваць з сялянскаю кансерватыўнасцю, з неарганізаванасцю клінкоўскіх хлопцаў. Колас. Здалося, што машына пайшла трошкі лягчэй: некалькі кіламетраў можна праехаць, а там зноў прыйдзецца ваяваць са снегам. Кулакоўскі. Ваяваць за якасць работы з механізатарамі .. Ўладзіміру Верамейчыку давялося ўсё лета. Дуброўскі.
3. Разм. Сварыцца; варагаваць.
ваяво́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, м.
1. Гіст. На тэрыторыі Старажытнай Русі — начальнік войска, кіраўнік горада ці акругі.
2. На тэрыторыі Заходняй Беларусі з 1920 да 1939 года і ў Польшчы — кіраўнік ваяводства.
ваяво́дскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ваяводства, ваяводы.
ваяво́дства, ‑а, н.
1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Старажытнай Русі, якой кіраваў ваявода, і адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў сучаснай Польшчы.
2. Гіст. Пасада ваяводы.
вая́ж, ‑у, м.
Уст. Падарожжа, паездка; вандроўніцтва.
[Фр. voyage.]
ваяжо́р, ‑а, м.
Уст.
1. Падарожнік; вандроўнік.
2. Тое, што і коміваяжор.
[Фр. voyageur.]
ваяжы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
Уст. Падарожнічаць; вандраваць.
[Ад фр. voyager.]
вая́ка, ‑і, м.
Разм. Воін, баец; салдат. Вунь чорны слуп-маяк, Там тысячы сыноў, Там тысячы ваяк Заснулі вечным сном. Пушча. На гэты ж пясок упаў Сёмка-матрос, камандзір партызанскіх атрадаў, слаўны ваяка і бальшавік... Лынькоў. // Іран., пагард. Той, хто не апраўдвае звання воіна, байца. Карп паклаў сваю жылістую руку на руку паліцэйскага, загадаў спакойна, але сурова: — Пакладзі дзіця! Ваяка! Шамякін. // перан. Іран., жарт. Задзіра, забіяка. — А ты бо вельмі ваяка, — кажа.. [бабуля Толіку]. — Ну, не плач. Брыль.
ваяўні́часць, ‑і, ж.
Уласцівасць ваяўнічага. Сінякі распісалі ўвесь твар генерала, што, аднак, ніколькі не дадавала яму ні ваяўнічасці, ні генеральскай велічы. Лынькоў.
ваяўні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да вайны. Ваяўнічыя плямёны. // Разм. Задзірысты. Ваяўнічы настрой.
2. Мужны, адважны, баявы. Ваяўнічы выгляд. Ваяўнічы вокліч.
3. Актыўны і непрымірымы ў барацьбе. Ваяўнічы атэіст.