Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вал, ‑а; мн. валы, ‑оў; м.

1. Доўгі, высокі земляны насып. Замест агароджы вакол могілак былі калісь выведзены акопы з даволі высокім валам. Колас. [Шорнер:] — Не ў страх такім салдатам ні крэпасці валы, ні сцены казематаў. Бачыла. // Доўгая і высокая града чаго‑н. Па-над парканам пышным валам Стаяў вішняк густы, прыўдалы. Колас. Нізкія валы хмар.. праплывалі над лесам. Асіпенка.

2. Высокая хваля. І, як заўсёды, безупынна праз возера каціўся вал. Дубоўка. Сыходзяцца тут, на стыку двух мацерыкоў — Азіі і Амерыкі, — стрэчныя вятры і разганяюць цяжкія валы свінцовых хваль. Б. Стральцоў.

3. Суцэльная лінія ваенных умацаванняў. Хвалёныя непрыступныя валы нямецкай абароны пратараньваліся з ходу магутнымі танкавымі злучэннямі. Васілевіч. // Самкнуты, шчыльны строй людзей. Рад за радам чоткім крокам Вал праходзіць малайцоў. Колас.

4. Цыліндр, які перадае рух тым ці іншым часткам механізма. Вал млына. Вал турбіны. Грабны вал.

•••

Агнявы вал — паласа артылерыйская абстрэлу, якая перамяшчаецца наперадзе атакуючага войска.

Валам валіць гл. валіць.

Дзевяты вал — а) самая моцная і небяспечная хваля ў часе марской буры (ад міфалагічнага ўяўлення ліку дзевяць як свяшчэннага); б) сімвал грознай небяспекі або найбольшага ўздыму чаго‑н.

Стаць валам гл. стаць.

валаво́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. валаводзіць і стан паводле знач. дзеясл. валаводзіцца.

валаво́дзіцца, ‑воджуся, ‑водзішся, ‑водзіцца; незак.

Разм. Аддаваць залішне многа часу і ўвагі каму‑, чаму‑н.; няньчыцца. [Мілоўскі:] — Давайце зараз размяркуем, хто [хлеб] будзе здаваць, каб на сходзе доўга не валаводзіцца з гэтым. Галавач. [Бухгалтар:] — Распісвайся, і няма калі мне з табой валаводзіцца. М. Стральцоў.

валаво́дзіць, ‑воджу, ‑водзіш, ‑водзіць; незак.

Разм. Наўмысна зацягваць вырашэнне якой‑н. справы; валакіціць. [Васіль Ціханавіч:] — І пасеялі б не пазней, калі б гэты куркуль Пятроў не валаводзіў з насеннем... Сіўцоў.

валаво́днік, ‑а, м.

Разм. Той, хто валаводзіць, зацягвае вырашэнне якой‑н. справы. Добры народ — валаводнікаў не церпіць у сваім асяроддзі... «Звязда».

валаво́ка, ‑і, ж.

Невялікая лясная пеўчая птушка атрада вераб’іных шаравата-бурага колеру з кароткім, прыўзнятым хвастом.

валаво́кі, ‑ая, ‑ае.

З вялікімі спакойнымі вачамі.

[Пераклад грэч. boōpis, што літаральна азначае «з вачамі, як у вала».]

валавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Агульны, узяты цалкам, без адлічэння расходаў. Валавы даход. Валавая прадукцыя прамысловасці. Валавы збор збожжа.

2. Спец. Масавы. Прылятаюць гогалі ў Палессе рана, звычайна ў сакавіку. Валавы іх прылёг ідзе ў пачатку або ў сярэдзіне красавіка. «Весці».

валада́р, ‑а, м.

Тое, што і уладар. Я птахам адчуваў сябе на вежы, Валадаром і неба і зямлі. Лойка.

валада́рка, ‑і, ж.

Жан. да валадар.