Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вана́дыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ванадыю. // З прымессю ванадыю. Ванадыевая сталь.

вана́дый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, тугаплаўкі метал светла-шэрага колеру.

[Лац. Vanadium.]

ванда́л, ‑а, м.

1. толькі мн. (ванда́лы, ‑аў). Старажытнагерманскае племя, якое заваявала частку Рымскай імперыі і разграбіла Рым.

2. Той, хто разбурае помнікі культуры, мастацтва; варвар. // Пра некультурнага, грубага, цёмнага чалавека.

[Лац. vandali.]

вандалі́зм, ‑у, м.

Няшчаднае разбурэнне, знішчэнне помнікаў культуры, мастацтва.

вандзэ́лак, ‑лка, м.

Разм. Клунак. На паўстанку было малалюдна: усяго некалькі чалавек — хто з чамаданам, хто з вандзэлкам — сядзелі на лаўках пад клёнамі, ды ля агароджы стаяла фурманка. Хадкевіч.

[Польск. węzełek.]

вандрава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. вандраваць.

вандрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Падарожнічаць, рабіць падарожжа. Трэба часцей вандраваць па роднай краіне, трэба больш яе вывучаць! В. Вольскі. // Разм. Доўга хадзіць, ездзіць дзе‑н.; блукаць. Кожны дзень пасля школы.. [вучні] вандравалі па мястэчку. Чарнышэвіч. Усюды ў прысадах зелянелі ўжо вербы, за вёскаю на паплавах, у лужынах вады, вандравалі даўганогія буслы. Лупсякоў. // Разм. Пераходзіць ад аднаго да другога, з аднаго месца ў другое на працягу доўгага часу (аб прадметах, з’явах і пад.). З вуснаў у вусны вандравала навіна [аб прыездзе гасцей]. Бядуля.

2. Жыць, часта мяняючы месца жыхарства, пастаянна перамяшчацца; бадзяцца. Калектыў увесь час «жыў на калёсах», вандраваў па вёсках і мястэчках. «ЛіМ». Каб зарабіць, я летам з бацькам Па розных вёсках вандраваў. Журба.

3. Весці неаселы спосаб жыцця, пераязджаць з месца на месца; начаваць. Першабытныя людзі не мелі сталага жыхарства і ўвесь час вандравалі з месца на месца групамі.

вандро́вец, ‑роўца, м.

Разм. Тое, што і вандроўнік. Шапку зняў [сын] і глянуў моўчкі на сваю старую хатку, дзе хусцінкай церла вочы Па сынах-вандроўцах матка. Дубоўка.

вандро́вішча, ‑а, н.

Месца вандроўкі, прыстанішча вандроўнікаў. І вось ужо за мной рака, Агні вандровішчаў знаёмых, І вось мой цень на ледніках, І голас на вяршынях стромых! Танк.

вандро́ўе, ‑я, н.

Тое, што і вандровішча.