Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

важа́к, ‑а, м.

1. Высок. Кіраўнік, арганізатар. Камуністы наперадзе ўсюды, заўсёды — На франтах будаўніцтва, у баю, у змаганні; На ўсім свеце яны — сцяганосцы свабоды, Важакі пераможных народных паўстанняў. Танк. Юнакі і дзяўчаты аднадушна прызналі.. [Сашу] сваім важаком. Новікаў.

2. Павадыр статка, чарады. Алені хрыпелі і рваліся з пастронкаў, жалобна роў іх смяртэльна паранены важак. Шамякін.

ва́жанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. важыць (у 1 знач.).

ва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад важыць.

важа́тая, ‑ай, ж.

Жан. да важаты.

важа́ты, ‑ага, м.

Кіраўнік піянерскага атрада, дружыны. Важаты піянерскага атрада.

важдані́на, ‑ы, ж.

Разм. Занятак, які патрабуе многа часу, увагі; турбота. // Пустая трата часу. Усё рабілася без лішняй важданіны, хутка і акуратна. Лынькоў.

важда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Доўга займацца якой‑н. справай; корпацца. Косця кінуў важдацца каля сваёй разбітай гарматы і заспяшаўся наперад — камбат паслаў яго даганяць батарэю. Карпюк. Адной рукой.. [Вялічка] доўга важдаўся з жытнім коласам, пакуль дастаў з яго некалькі зярнят. Чорны. // Многа часу аддаваць каму‑, чаму‑н. Столькі.. [хлопцы] важдаліся з.. [Славікам], столькі даравалі ўсяго, а ён вунь якой думкі пра брыгаду. Шамякін. [Герасім:] — Не прывык, ды і не ўмею я з паперкамі важдацца... Жычка.

ва́жкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць важкага. Важкасць волава.

2. перан. Значнасць, пераканаўчасць. Важкасць аргументаў.

ва́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае значную вагу пры невялікім аб’ёме. Жыта стаяла, як лес, і кожны колас важкі, нібы наліты золатам. Хадкевіч.

2. перан. Важны па свайму значэнню, значны. Важкі працадзень. // Змястоўны. Вельмі скупы на эпітэты, паэт выбіраў найбольш важкія словы, якія надавалі вершу энергічнасць, вялікае сэнсавае папаўненне і пластычнасць. Шкраба.

3. перан. Пазбаўлены лёгкасці; цяжкі. Важкія крокі. □ І прыносіш ты туды, вадзіца, Важкі сум ад сэрца Кацярыны. Багдановіч.

4. перан. Пераканаўчы. Важкія довады. □ [Прафесар] нешта запісваў у свой блакнот, відаць, збіраўся сказаць сваё важкае слова. Шахавец.

ва́жна,

1. Прысл. да важны (у 2 знач.).

2. у знач. вык. Істотна ў якіх‑н. адносінах. Важна было, каб поезд па той ці іншай прычыне прыпыніўся там, дзе трэба. Якімовіч.