Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вайна́, ‑ы; мн. войны, ‑аў; ж.

1. Адкрытая ўзброеная барацьба паміж дзяржавамі, народамі, плямёнамі або грамадскімі класамі. Першая сусветная вайна. Вялікая Айчынная вайна. Вызваленчыя войны. □ Руская рэвалюцыя аб’явіла Еўропе аб адкрытай вайне рускага народа з царызмам. Ленін.

2. перан. Стан варожасці; барацьба з кім‑, чым‑н. Эканамічная вайна. Аб’явіць вайну бракаробам.

•••

Акопная вайна — пазіцыйная вайна.

Грамадзянская вайна — узброеная класавая барацьба ўнутры дзяржавы.

Каланіяльныя войны — войны, якія вядуцца імперыялістычнымі дзяржавамі з мэтай заваявання калоній або захавання свайго панавання над імі.

Прэвентыўная вайна — вайна, якая мае мэтай папярэдзіць або прадухіліць напад праціўніка.

Рэйкавая вайна — адзін з відаў партызанскай барацьбы з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны, які праяўляўся ў татэмістычным разбурэнні чыгуначных пуцей у тыле ворага.

Халодная вайна — варожа-агрэсіўная палітыка імперыялістычных дзяржаў у адносінах: да СССР і іншых сацыялістычных краін ва ўмовах афіцыйнага міру.

Бог вайны гл. бог.

Развязаць вайну гл. развязаць.

вайскаві́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і вайсковец. — Чаго маўчыш? — не зусім здаволена спытаў.. [шафёр], і сам пачаў аглядваць былога вайскавіка. Кулакоўскі.

вайско́вец, ‑коўца, м.

Разм. Ваеннаслужачы. Калі цягнік адышоў ад станцыі, дзверы, што вялі з тамбура ў вагон, расчыніліся, і малады вайсковец у гімнасцёрцы з пагонамі малодшага лейтэнанта добразычліва запрасіў: — Заходзьце, таварышы. Хадкевіч.

вайско́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да арганізацыі войска, складаецца з войска. Вайсковыя злучэнні. Вайсковая разведка.

2. Разм. Тое, што і ваенны (у 2 знач.). Вайсковая служба. Вайсковы абоз. Вайсковая выпраўка. □ Вайсковы аэрадром мясціўся на шырокім прасторным полі. Лынькоў. З машыны выйшаў узброены чалавек у вайсковай форме. Чарнышэвіч. — Я! — азваўся Максім і вокам вайсковага чалавека зірнуў на Пракопа. Колас.

3. у знач. наз. вайско́вы, ‑ага, м. Разм. Ваеннаслужачы, вайсковец. Побач з вайсковымі ехалі і цывільныя. Хадкевіч.