ва́ба, ‑ы, ж.
Падзыванне (птушак, звяроў) падробленым голасам (гукам).
ва́бенне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. вабіць (у 2 знач.).
ва́бік, ‑а, м.
Дудачка або свісток, якім у часе палявання падзываюць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас. Я пускаю чучала качкі ў трыснёг і раз-пораз пакрэкваю ў вабік. Хомчанка.
ва́більшчык, ‑а, м.
Паляўнічы, які падзывае вабікам птушак або звяроў.
ва́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго.
1. Захапляючы, зачароўваючы сваім выглядам, прыцягваць да сябе. [Лабановіча] наогул захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. Колас. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, калі ўтаймуецца бура і шторм. Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў бязмежны, жывы і нястрымны прастор. Грахоўскі. / у безас. ужыв. Хоць не было спякоты, але так і вабіла пад засень дрэў. Шахавец. // Выклікаць цікавасць да сябе, прыхільнасць, сімпатыю. Шырокая барада [Тодара].., яго манера гаварыць проста, зразумела і ясна, — усё гэта вабіла да яго. Нікановіч. Даша належала да ліку тых жанчын, хараство якіх не кідаецца рэзка ў вочы, а вабіць, захапляе, грэе. Васілевіч.
2. Падзываць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас. [Піліпоўскі] жартаваў, высвістваў маршы, вабіў свістам з прыдарожных хмызнякоў птушак. Чорны. Там у таямнічыя Ночы ля дубоў Нашы паляўнічыя Вабілі ваўкоў. Глебка.
ва́бленне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. вабіць (у 1 знач.).
ва́бнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць вабнага; прывабнасць. Дзіўнае злучэнне чорнай сталі і гэтай нечаканай мяккасці надавала вачам.. нейкую незвычайную вабнасць. Зарэцкі.
ва́бны, ‑ая, ‑ае.
Які вабіць, зачароўвае сваім выглядам, цягне да сябе; прывабны. Абходзячы вабны над хатай дымок, Ганец павяртае ізноў у лясок. Глебка. Я па садзе іду — шмат пладоў залатых Цешаць вока сузор’ямі вабнымі. Панчанка.