ваўкава́тасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць ваўкаватага.
ваўкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Падобны па свайму выгляду на воўка. Ваўкаваты сабака кідаецца на Гудзілку і хапае яго за каўнер. Колас.
2. Нелюдзімы, хмуры, суровы. Калі Андрэй Піліпавіч быў гаваркі, гасцінны, дык яго жонка нейкая ваўкаватая. Сабаленка.
ваўкада́ў, ‑дава, м.
Вялікі паляўнічы сабака. Вялізны, з падпалінамі на баках, ваўкадаў, шырока выкідваючы лапы, з дыхавічным сапам імчаў угору. Быкаў.
ваўкала́к, ‑а, м.
Паводле паданняў — чалавек (часам мярцвяк), здольны абарочвацца ў воўка; пярэварацень. Не адну байку праслухалі.. [маладыя] ад старэйшых начлежнікаў аб розных страхах, аб чарцях і ведзьмах, аб ваўкалаках і мерцвяках. Чарот.
•••
Глядзець ваўкалакам гл. глядзець.
ваўкалю́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Міфічная істота, напалову чалавек, напалову воўк; чалавекавоўк.
ваўкарэ́з, ‑а, м.
1. Тое, што і ваўкадаў.
2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова ў дачыненні да сабакі, каня.
ваўкарэ́зіна, ‑ы, ж.
Разм.
1. Тое, што і ваўкарэз. [Бацька:] — Іншага сабаку-ваўкарэзіну нават спрактыкаванаму воку цяжка адрозніць ад ваўка. Пальчэўскі.
2. Лаянк. Варты толькі на спажыву ваўкам. Хіба ж гэта конь! Гэта ваўкарэзіна, а не конь. Лынькоў.
ваўкаўё, ‑я, н., зб.
1. Ваўкі.
2. перан. Разм. Звяр’ё. Не быць ваўкаўю ў грамадзе! Колас.
ваўкаўня́, ‑і, ж.
Разм. Глыбокая яма для лоўлі ваўкоў; воўчая яма. // Месца ў лесе, дзе водзяцца ваўкі.
ваўнамы́йка, ‑і, ДМ ‑мыйцы; Р мн. ‑мыек; ж.
1. Машына для мыцця воўны.
2. Прадпрыемства або частка яго, дзе мыюць воўну.