варты, ‑ая, ‑ае; варт, ‑а.

1. Які заслугоўвае чаго‑н. Варты ўвагі, жалю. ▪ [Ветэрынар] гляне Дэрашу ў зубы і адразу ўбачыць, чаго конь варты. Якімовіч. А сёння сталі хлеб дзяліць, прыпомнілі, чаго хто варты. Дудар. // Які адпавядае каму‑, чаму‑н. Партсход прызнаў Паўла Дэшку вартым высокай годнасці камуніста. Дуброўскі. Паэма «Курган» займае вартае месца не толькі сярод твораў Я. Купалы, але і ва ўсёй беларускай літаратуры. Шкраба. // Каштоўны, дарагі. З дзедавых слоў выходзіла, што цяпер ні звера вартага не засталося ў лесе, ні рыбы ў балоце. Мележ.

2. у знач. наз. вартае, ‑ага, н. Тое, што мае значную вартасць; добрае. [Васіль Пятровіч:] — Загінулі ўсе [будынкі вуліцы], і невядома, калі давядзецца працаваць над чым-небудзь вартым... Карпаў.

•••

Адзін другога варты гл. адзін.

Гроша ломанага не варты — не мае ніякай вартасці, каштоўнасці, ніякага значэння.

Куды (чаго) гэта варта? — ужываецца пры адмоўнай эмацыянальнай ацэнцы чаго‑н.

Не варты выедзенага яйца — пра што‑н. вельмі дробязнае, нікчэмнае.

Нікуды (нічога) не варты — вельмі дрэнны.

Чаго варты! — ужываецца пры высокай эмацыянальнай ацэнцы чыіх‑н. якасцей.

Шкурка вырабу не варта гл. шкурка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)