разла́савацца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; зак.
Разм. Стаць вельмі ласым, адчуць яшчэ большае жаданне ласавацца. — Вось каб яшчэ арэхаў знайсці! — прамовіў Мірон. — Разласаваўся, — усміхнуўся Віктар. — Не на кожным кроку гэта здараецца, браток ты мой. Маўр. // перан. Адчуць яшчэ большае жаданне да чаго‑н.; разахвоціцца. (Якім мацней прыціскае .. [Паўлінку] к сабе і хоча пацалаваць) .. [Паўлінка:] Ого! Разласаваўся!.. Купала.
разла́саваць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.
Разм. Узбудзіць, узмацніць у кім‑н. жаданне паласавацца, з’есці што‑н. смачнае. Разласаваць дзіця малінаю. // перан. Распаліць, узмацніць у кім‑н. жаданне, ахвоту да чаго‑н. Лёгкая пажыва разласавала яго.
разла́ты, ‑ая, ‑е.
Абл. Які расшыраецца кверху, шырокі ўверсе; разлапісты. Вось мы ўжо сядзім пад разлатай старою елкай. Пянкрат.
разлахма́ціцца, ‑мачуся, ‑мацішся, ‑маціцца; зак.
Разм. Стаць лахматым. Валасы разлахмаціліся.
разлахма́ціць, ‑мачу, ‑маціш, ‑маціць; зак., каго-што.
Зрабіць лахматым. Разлахмаціць валасы. Разлахмаціць вяроўку.
разлахма́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разлахмаціць.
2. у знач. прым. Лахматы, кудлаты. Паднялася сонная разлахмачаная галава.
разлахма́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да разлахмаціцца.
разлахма́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да разлахмаціць.
разле́гласць, ‑і, ж.
Даль, прастора, раздолле. Нарэшце выехалі з лесу ў чыстае поле. Разлегласць яго раскінулася зялёным дываном ярыны і азіміны. Сабаленка. На ратушы ўзвіваўся чырвоны сцяг, узняты Адасем Гушкам. Ён быў відзён здалёк, на ўсю разлегласць. Чорны.
разле́глы, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую разлегласць; шырокі. З аднаго боку да хат падступала разлеглае поле, на якім, як і ў лесе, .. [маці] усё да самай малой драбніцы было знаёма. Мележ. // перан. Раскацісты, шырокі. Грукат і перастук .. колаў [цягніка] разлеглым водгуллем аддаліся ў пустой каробцы вакзала. Карпаў. [Пецька] спаткаў Васіля Рыгоравіча разлеглым звонкім голасам: — Урра, татка прыйшоў! Паслядовіч.