Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разла́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад разладзіць.

2. у знач. прым. Які прыйшоў у непрыгоднасць; няспраўны. Разладжаны станок.

разла́джвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разладзіцца.

2. Зал. да разладжваць.

разла́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разладзіць.

разла́дзіцца, ‑ладзіцца; зак.

1. Прыйсці ў няспраўнасць. Тады нешта разладзіўся ляжак і нельга было выпаліць у печы, каб не напусціць поўную хату дыму. Сачанка.

2. Расстроіцца, парушыцца, перастаць ладзіцца. Дружба разладзілася. □ Але вяселле ўжо разладзілася, госці паўставалі з-за стала і пачалі разыходзіцца. Сабаленка. [Галіна:] — [Пісаў], што ніколі не забудзе тых дзён... Пісаў, што ўспамінае, — таксама... Але хутка перапіска разладзілася. Мележ.

3. Страціць свой строй, лад. Станок разладзіўся.

4. Расстроіцца, сапсавацца (пра здароўе).

разла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць, зак., што.

1. Сапсаваць (што‑н. наладжанае). Разладзіць машыну.

2. Расстроіць, парушыць што‑н. Разладзіць бяседу. □ Разбурыць шляхі і разладзіць Тылы яго [ворага] — наша задача. Колас. Як бы гэта непатрэбная цікаўнасць не разладзіла нашага сяброўства. Шынклер.

3. Парушыць строй, лад. Разладзіць гітару.

4. Расстроіць, сапсаваць (пра здароўе).

разла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. разладзіць (у 1 знач.).

разладо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разладаваць.

разлажы́цца 1, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑абжыцца; зак.

Тое, што і раскласціся ​1. На ўбітым у сцяну круку віселі аўтаматы, і вусаты разлажыўся на стале чысціць свой наган. Чорны.

разлажы́цца 2, ‑ложыцца; зак.

1. Тое, што і раскласціся ​2.

2. Распасціся пад уздзеяннем бактэрый; згніць. Торф, які слаба разлажыўся, на ўгнаенне ў чыстым выглядзе непрыгодны. «Беларусь».

3. перан. Дайсці да поўнага маральнага падзення, распаду, дэзарганізацыі. — Маральна разлажылася, — з іроніяй сказала Ганна. — Гэта табе хацелася сказаць? Так?.. Савіцкі.

разлажы́ць 1, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

Тое, што і раскласці ​1. Разлажыў купец на нізкім ганку Свой пярэсты дробязны тавар. Панчанка. А на хаце, крытай гонтаю старою, Сівы галубочак крылле разлажыў. Гурло. [Цімох:] — А ведаеш што, Юзік, давай разложым агеньчык і пагрэемся. Колас. Калі Антэк паехаў, стараста, правёўшы яго, вярнуўся ў хату, дастаў з шафы вучнёўскі сшытак, вырваў з яго два лісты паперы і разлажыў перад сабой. Зуб.

разлажы́ць 2, ‑лажу, ‑ложыш, ‑ложыць; зак., каго-што.

1. Тое, што і раскласці ​2. Разлажыць на атамы. Разлажыць слова на марфемы.

2. перан. Давесці да поўнага маральнага падзення, упадку; дэзарганізаваць. [Камендант:] — Гэта правакацыя! — Вы сваімі паганымі лістоўкамі разлажылі маіх салдат. Грахоўскі. Падпольшчыкі здолелі разлажыць ваенную часць.., перавялі ў партызаны дзесяткі славакаў. Дзенісевіч.

разлажэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разлажыць ​2 і стан паводле знач. дзеясл. разлажыцца ​2.

2. Маральнае падзенне, упадак. Бытавое разлажэнне.