Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пераі́грываць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перайграць.

перайгра́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перайграць.

перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.

2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.

3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.

4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.

перайма́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пераймальнага. У пераймальнасці пачынаючага паэта прабіваецца і мацнее нешта самастойнае, сваё, новае. Перкін.

перайма́льнік, ‑а, м.

Той, хто запазычвае, пераймае што‑н., робіць так, як хто‑н.

перайма́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да пераймальнік.

перайма́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы пераймальніку.

перайма́льніцтва, ‑а, н.

Несамастойнасць у творчасці, наследаванне, перайманне.

перайма́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пераймання (у 2 знач.). Пераймальныя здольнасці дзяцей. Пераймальныя гульні.

2. Несамастойны; запазычаны. Пераймальны верш.

перайма́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пераймаць — пераняць (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Дзеянне паводле дзеясл. пераймаць — пераняць (у 3 знач.); наследаванне, імітацыя. Вопыт варты пераймання. Перайманне чужых звычак. □ Салдат абазваўся голасам нейкай птушкі. Хоць гэта было і не вельмі ўдалае перайманне птушкі, але больш ад яго і не патрабавалася. Чорны. Вельмі ж здацен быў Цімох па часці пераймання або перадражнівання каго. Колас.