Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гастралёр, ‑а, м.

1. Артыст, які прыехаў на гастролі. Гастралёры выступалі на летняй эстрадзе.

2. перан. Разм. Пра чалавека, які часта мяняе месца работы; лятун. Кажуць, зноўку Ян без месца: За каршэнь яго ўзялі, У месца мяккае каленцам Гастралёру паддалі! Валасевіч.

гастралёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да гастралёр.

гастралёрства, ‑а, н.

1. Знаходжанне на гастролях.

2. перан. Разм. Паводзіны гастралёра (у 2 знач.).

гастралі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Прыязджаць на гастролі, выступаць у якасці гастралёра (у 1 знач.). У горадзе гастраліравала оперная труна.

2. перан. Разм. Раз’язджаць, часта мяняць месца работы, занятку. Гастраліраваць па раёне.

гастранамі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гастраноміі, гастранома (у 2 знач.), звязаны з імі. Гастранамічныя вырабы. Гастранамічны магазін.

гастрано́м, ‑а, м.

1. Знаток і любіцель смачней ежы; гурман.

2. Гастранамічны магазін.

гастрано́мія, ‑і, ж.

1. Тонкае разуменне і веданне кулінарнага майстэрства.

2. Харчовыя прадукты высакаякаснага прыгатавання. Рыбная гастраномія.

[Фр. gastronomie.]

гастро́лі, ‑яў; адз. гастроль, ‑і, ж.

Выступленні прыезджага артыста або мастацкага калектыву (тэатра, аркестра і пад.). Пасля гастроляў у Мінску львоўскі тэатр уключыў у свой рэпертуар камедыю.. «Выбачайце, калі ласка!». «Полымя».

[Ням. Gastrolle.]

гастро́льны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з гастролямі; выязны. Гастрольная паездка. Гастрольная група.

га́струла, ‑ы, ж.

Спец. Стадыя развіцця зародка мнагаклетачных жывёл, наступная за бластулай.

[Лац. gastrula.]