Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэвалюцыянізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) рэвалюцыйна настроеным. Масы рэвалюцыянізаваліся. □ У далейшым, у часы вайны і рэвалюцыі, паводзіны Леапольда Гушкі робяцца ўсё больш асэнсаванымі, свядомасць яго ўсё больш рэвалюцыянізуецца. Кудраўцаў.

2. толькі незак. Зал. да рэвалюцыянізаваць.

рэвалюцыянізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Пашырыць (пашыраць) ідэі рэвалюцыі сярод каго‑н.; зрабіць (рабіць) каго‑, што‑н. рэвалюцыйным. Бальшавіцкія сілы арміі рэвалюцыянізавалі і рабоча-сялянскія масы Беларусі. «Полымя».

2. Змяніць (змяняць) карэнным чынам, зрабіць (рабіць) перадавым, больш дасканалым шляхам новаўвядзенняў, пераўтварэнняў. Рэвалюцыянізаваць спосабы вытворчасці.

рэва́нш, ‑у, м.

Адплата за паражэнне, няўдачу, пройгрыш і пад., а таксама барацьба з мэтай узяць верх над ранейшым пераможцам. Узяць рэванш.

[Фр. revanche.]

рэва́ншны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэваншу. Рэваншная схватка.

рэваншы́зм, ‑у, м.

Імкненне ўзяць рэванш пасля ваеннага паражэння; палітыка падрыхтоўкі новай вайны з мэтай вярнуць пазіцыі, страчаныя ў папярэдняй вайне. Пленум ЦК КПСС пацвердзіў правільнасць палітыкі, накіраванай на выкрыццё рэваншызму і мілітарызму. «Звязда».

рэваншы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Узяць (браць) рэванш. — [Вораг] намерваецца рэваншыраваць на Дзясне. М. Ткачоў.

рэваншы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто імкнецца ўзяць рэванш; прыхільнік рэваншызму.

рэваншы́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэваншызму і рэваншыстаў, уласцівы ім. Рэваншысцкія планы.

рэве́невы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэвеню, уласцівы яму. Рэвеневы ліст. Рэвеневы пах. // Прыгатаваны з рэвеню. Рэвеневы кісель.

рэве́нь, ‑ю, м.

Род травяністай шматгадовай расліны сямейства грэчкавых з тоўстымі каранямі і вялікім лісцем, маладыя чаранкі якога ўжываюцца ў ежу. // Лякарства, прыгатаванае з каранёў некаторых відаў гэтай расліны.

[Цюрк.]