рабфа́кавец, ‑каўца, м.
Навучэнец рабфака. [Сцёпка:] — Сярод нашых рабфакаўцаў розныя людзі: і моладзь, і людзі сталыя, з бародамі. Колас.
рабфа́каўка, ‑і, ДМ ‑каўцы; Р мн. ‑кавак; ж.
Жан. да рабфакавец.
рабфа́каўскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рабфака, рабфакаўцаў. Рабфакаўскі камітэт. Рабфакаўскі сход. Рабфакаўская моладзь.
ра́бчык, ‑а, м.
Невялікая лясная птушка сямейства цецеруковых з пярэстым апярэннем. Ля самай дарогі свіснуў рабчык. Чарнышэвіч.
ра́бчыкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рабчыка. Рабчыкавае пер’е.
рабы́, ‑ая, ‑ое.
1. Не адной масці, пярэсты. Рабая свіння. □ Рабы .. [сабака] Пірат ляжыць побач са мною, выцягнуўшы да вогнішча дзве чыстыя лапы. Карамазаў. // Не аднаго колеру, пярэсты, з плямамі іншага колеру. Рабая посцілка. □ У зялёным гушчары, Дзе мох сцелецца рабы, Паспрачаліся грыбы. Танк. Справа на ўзгорку стаяў рабы ад ваеннай маскіроўкі будынак, глухі і пануры. Асіпенка.
2. З рабаціннем. Нос востры і ўвесь твар — адно рабацінне. Нават на руках рабацінне, — от да чаго [Лявон] быў рабы! Чарнышэвіч. Выглядаў .. [Верас] непрывабна: высокі, крыху сутулы, крыху рабы з воспы. Дамашэвіч. / у знач. наз. рабы́, ‑ога, м.; раба́я, ‑ой, ж. Назаўтра на рэчку я не пайшоў. Не хацелася болей сустракацца з рабым. Якімовіч.
3. З рабаціннем, дробным хваляваннем (пра паверхню вады). Дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык.
•••
Абое рабое гл. абое.
рабя́ты, ‑бят; адз. няма.
Хлопчыкі і дзяўчынкі; дзеці. Больш чым 900 тысяч беларускіх рабят носяць чырвоныя гальштукі. «Маладосць».
равелі́н, ‑а, м.
Асобнае самкнутае фартыфікацыйнае збудаванне трохвугольнай формы, размешчанае перад крапасным ровам паміж бастыёнамі. Аляксееўскі равелін Петрапаўлаўскай крэпасці.
[Фр. ravelin.]
равенду́к і равенту́х, ‑а, м.
Грубая льняная тканіна, парусіна, якая ўжывалася раней пераважна для парусоў.
[Ад гал. ruwendock.]