неаднаста́йны, ‑ая, ‑ае.
Не аднолькавы з чым‑н., не падобны на іншых; неаднародны. Палосы неаднастайныя: адны цёмныя, другія святлейшыя, ёсць і зусім светлыя. Крапіва.
неадно́йчы, прысл.
Не адзін раз. — Калі ўзяўся за гу ж, не кажы, што не дуж, — неаднойчы гаварыў Андрэй сабе. Шахавец. І нанава ўзнікла перад Васілём перабранае ў памяці, перадуманае неаднойчы. М. Стральцоў.
неадно́лькавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неаднолькавага.
неадно́лькавы, ‑ая, ‑ае.
Які не супадае з іншымі, не падобны на іншых; розны. Хаты ў вёсцы былі неаднолькавыя — адны яшчэ новыя, часам нават пад чарапіцай, .. другія, наадварот, зусім несамавітыя — і гэтых болей — пад саламянымі стрэхамі. Чыгрынаў. Хоць з адной печы, ды неаднолькавыя пернікі. Прыказка.
неадо́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неадольнага. Неадольнасць прагрэсу.
неадо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які цяжка, немагчыма пераадолець, перасіліць. Неадольны сон прычапіўся да хлопца. Колас. Сцёпка мог бы не ісці праз цэнтр горада, але неадольнае жаданне зірнуць на рэўком прымусіла яго павярнуць на галоўную вуліцу. Хомчанка. // Такі, якога цяжка, немагчыма адолець, перамагчы; магутны. Пошчак нарастаў і нарастаў, блізіўся. Неадольны, магутны. Зямля стагнала. Караткевіч. Правядзенне ленінскай нацыянальнай палітыкі згуртавала.. народы ў магутную неадольную сілу. «Звязда».
неадпаве́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неадпаведнага; адсутнасць адпаведнасці.
неадпаве́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не адпавядае чаму‑н., не падыходзіць для чаго‑н. Неадпаведнае слова. Жыць у неадпаведных умовах.
2. Які пазбаўлены адпаведнасці, прапарцыянальнасці; несуразмерны. Выконваць працу, неадпаведную сваім сілам.
неадпла́тны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і неаплатны (у 2 знач.).
неадры́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць неадрыўнага. Настаўнік з асаблівай сілай адчуў неадрыўнасць свайго лёсу ад лёсу народа, адчуў упэўненасць у правільнасці выбранага шляху. Казека.