распуха́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. распухаць — распухнуць.
распуха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распухнуць.
распу́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які распух, апух. Сцепаніда плакала, шморгала распухлым носам, туліла да грудзей малодшых — Валерку і Волечку. Асіпенка. [Хлопец] дакрануўся да распухлай губы. — Б’ешся ты здорава, — засмяяўся ён. Караткевіч.
2. перан. Разм. Які моцна павялічыўся ў памерах, аб’ёме. [Красікаў] запісваў у свой распухлы блакнот заданне на другую палову дня. Грахоўскі.
распу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. распух, ‑ла; зак.
1. Моцна апухнуць; ацячы. Чыжык вельмі пахудзеў за гэты час, некалі бялёсы твар яго пачарнеў ад ветру і доўгага сядзення ля кастроў, губы патрэскаліся і распухлі. Лупсякоў. Хлопчыка пакусалі пчолы, ён увесь распух і пакутаваў страшэнна. Васілевіч.
2. перан. Разм. Моцна павялічыцца ў памерах. Ручай распух і выйшаў з берагоў. Шамякін.
распу́шаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад распушыць.
распу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да распушыць.
распу́шчанасць, ‑і, ж.
Нявытрыманасць у паводзінах, недысцыплінаванасць. // Амаральнасць, разбэшчанасць.
распу́шчаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распусціць.
2. у знач. прым. Які свабодна падае; не сабраны ў вузел, у прычоску (пра валасы). З распушчанымі валасамі, з залітымі агнём шчочкамі .. [Ядвіся] была незвычайна прыгожая. Колас.
распушы́цца, ‑пушыцца; зак.
Стаць пушыстым. Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў. // Натапырыць поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак. // Распусціць маладое лісце, кветкі і пад. Берагі возера абраслі асакою і чаротам, на вуліцы закучаравіліся маладыя бярозкі, распушыліся клёны і ліпы. Чарнышэвіч.