Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

незычлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць незычлівага; незычлівыя, непрыязныя адносіны да каго‑, чаго‑н.

незычлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які не зычыць дабра людзям, праяўляе непрыязнасць, непрыхільнасць да каго‑, чаго‑н. Незычлівая крытыка.

незямны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які знаходзіцца па-за межамі Зямлі ​1 (у 1 знач.).

2. перан. Узвышаны, незвычайны; ідэальны. Дзяўчына здавалася яму нечым незямным: заходзіла яна ў клас — і для юнака ўзыходзіла сонца, набліжалася яна — і ён стойваў дыханне, быццам гэта магло абразіць яе. Шамякін.

нез’яўле́нне, ‑я, н.

Непрыбыццё, непрыход куды‑н. Нез’яўленне на работу.

неісто́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць неістотнага.

неісто́тны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае істотнага значэння; другарадны. Неістотныя прыкметы. Неістотныя звесткі. □ Яны гаварылі пра нешта будзённае і неістотнае. Грахоўскі.

нейзі́льбер, ‑у, м.

Спец. Сплаў медзі і нікелю з цынкам, які ўжываецца для вырабу пасуды, а таксама ў машынабудаванні.

[Ням. Neusilber — новае серабро.]

нейзі́льберавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да нейзільберу, зроблены з гэтага сплаву.

нейк, прысл.

Тое, што і неяк.

не́йкі, ‑ая, ‑ае; займ. неазначальны.

1. Невядома які; незнаёмы. З туманоў выплывае лодка. На ёй рыбак, хлопчык і нейкі чалавек у белай кашулі. Кучар. [Толя] спыніўся і затуманенымі вачыма пачаў разглядаць нейкае чужое, невядомае яму месца. Якімовіч. І нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў. // Няясны; незразумелы, дакладна неакрэслены. Сэрца б’ецца, к жыццю рвецца, К нейкім светлым снам. Купала. Нейкая невядомая сіла цягнула.. [Таццяну] ў лес. Шамякін. // Якісьці. А шапка.. [Крулеўскага] сведчыла аб тым, што ён мае нейкае дачыненне да польскай арміі. Колас.

2. Знаёмы, вядомы, да якога адносяцца з адценнем пагарды. [Вашыновіч:] — Бабы заўсёды языкамі любяць трапаць. Мала што там Сабастыяніха нейкая гаварыла. Чорны. — А піла ў цябе ёсць? — Ёсць нейкая, браток. Брыль.

3. Не вызначаны дакладна (пра час, тэрмін, колькасць чаго‑н.). Праз нейкі дзень-другі хворы акрыяў. □ Праз нейкі час дымок пахучы Паплыў угору, як туман. Колас.

4. Пры параўнанні якіх‑н. якасцей, адзнак. Гэта нейкі звер, а не чалавек. □ Сабакучаво стала падобным да нейкага ваеннага паселішча. Самуйлёнак.