пе́рада, прыназ. з Т.
У спалучэнні перада мной (мною) — тое, што і перад. Пнівадзіцкае балота, як вокам сягнуць, ляжала перада мною. Чорны. Перада мной рачны жыхар Нырае за мальком. Броўка.
перадабе́дзенны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае перад абедам, папярэднічае абеду.
перадава́цца, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; ‑даёмся, ‑даяцеся; незак.
1. Незак. да перадацца.
2. Зал. да перадаваць.
перадава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце.
Незак. да перадаць.
перадаве́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перадаверыць.
перадаве́р’е, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. перадавяраць — перадаверыць.
перадаве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Даверыць другому тое, што было даверана самому. Галоўны бухгалтар калгаса.. рэдка бываў у канторы і ўсе справы перадаверыў [Шуры] Яцык. Дуброўскі.
перадаві́к, ‑а, м.
Той, хто дасягнуў найлепшых вынікаў у якой‑н. дзейнасці, паказвае ўзоры сацыялістычных адносін да працы. Перадавік вытворчасці. Перадавікі ў сацыялістычным спаборніцтве. □ Вопыт перадавікоў — здабытак агульны. «Звязда».
перадавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. □ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. Васілёнак.
2. перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука. // Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. □ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых. Грахоўскі. // Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк. // Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.
3. у знач. наз. перадава́я, ‑ой, ж. Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую. Шахавец. Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой. Мележ.
•••
Перадавы артыкул гл. артыкул.
перадавяра́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да перадавяраць.