перадавы, ‑ая, ‑ое.
1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. ▪ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. Васілёнак.
2. перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука. // Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. ▪ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых. Грахоўскі. // Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк. // Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.
3. у знач. наз. перадавая, ‑ой, ж. Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую. Шахавец. Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой. Мележ.
•••
Перадавы артыкул гл. артыкул.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)