Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сумяшча́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што можна сумясціць з чым‑н.

сумяшча́цца, ‑аецца; незак.

1. Непарыўна спалучацца, злучацца. Пры дапамозе гэтага суфікса [-ін-а] ўтвараюцца неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду з павелічальна-ўзмацняльным адценнем, якое сумяшчаецца з адценнем адзінкавасці. Граматыка. // Выконвацца адначасова. У прафтэхшколе вучоба сумяшчаецца з працай на заводзе. // у кім-чым. Аб’ядноўвацца, існаваць адначасова ў адной асобе, з’яве, прадмеце. У гэтым чалавеку сумяшчаюцца тэарэтычныя веды і практычны вопыт.

2. Супадаць усімі пунктамі пры накладанні (пра фігуры, лініі). Сіметрычныя фігуры сумяшчаюцца.

3. Зал. да сумяшчаць.

сумяшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

1. Непарыўна спалучаць, злучаць. Аддзеяслоўныя назоўнікі на ‑ін-а (‑ын-а) значэнне адзінкавасці сумяшчаюць са значэннем выніку дзеяння. Граматыка. // Выконваць адначасова. Сумяшчаць работу з вучобай. □ Першы арышт адбыўся ў 1878 годзе ў Пецярбурзе, дзе Вяляўскі сумяшчаў вучобу ва універсітэце з прапагандай сярод фабрычных рабочых. «Полымя». // у кім-чым. Аб’ядноўваць у сабе адначасова; валодаць адначасова. Драматычная паэма сумяшчае ў сабе жанравыя адзнакі і ліра-эпічнай паэмы і драмы. Ярош. Здаецца, акіян сумяшчае ў сабе і зялёны шум лясоў, і бязмежнасць нябеснага блакіту, і прывабнасць жывой вады, якая цячэ. Філімонаў.

2. Накладваць адно на другое (фігуры, лініі), дасягаючы супадзення ва ўсіх пунктах. Сумяшчаць сіметрычныя фігуры.

сумяшчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сумяшчаць — сумясціць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сумяшчацца — сумясціцца.