сернакі́слы, ‑ая, ‑ае.
Які ўтвараецца ад сернай кіслаты (пра солі). Сернакіслы барый.
се́рнік, ‑а, м.
Абл. Запалка. [Антось] выняў з кішэні запалкі і дрыжачымі ад хвалявання пальцамі запаліў сернік. Чарнышэвіч.
се́рнікавы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Які мае адносіны да серніка. Рука звыкла намацала ў кішэні сернікавы карабок, але выпусціла. Мележ.
се́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да серы, да вытворчасці серы (у 1 знач.). Серныя заводы. □ Серны пах ударыў у нос, запалка загарэлася. Асіпенка. // Які ўтрымлівае ў сабе серу. Серная крыніца. Серны калчадан. Серныя залежы. // Зроблены з серы, з серай. Серныя запалкі.
2. Які мае ў сваім хімічным складзе серу з пэўнай колькасцю кіслароду. Серная кіслага. Серны ангідрыд.
серо́зны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які выдзяляецца абалонкай, што высцілае ўнутраныя поласці цела (брушыну, плеўру і пад.); сываратачны. Серозная вадкасць. // Які мае адносіны да выдзялення вадкасці абалонкай унутраных поласцей цела, увільготніваецца гэтай вадкасцю. Серозная поласць.
•••
Серозная абалонка — тонкая абалонка, што высцілае ўнутраныя поласці цела і органы, якія знаходзяцца ў іх.
[Ад лац. serum — сываратка.]
серп, сярпа, м.
1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.
2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.
•••
Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.
серпадзю́б, ‑а, м.
Птушка падатрада кулікоў з дзюбай, якая па форме нагадвае серп.
серпанці́н, ‑у, м.
1. Скрутак доўгай вузкай стужкі з каляровай паперы, які кідаюць у публіку на балях, карнавалах і пад. Зайграў школьны духавы аркестр, моладзь пайшла танцаваць... Раптам веерам узляцела канфеці, абсыпаючы танцораў, пайшоў у ход серпанцін. Гурскі.
2. перан. Участкі звілістай горнай дарогі. Адхон, зарослы векавымі дрэвамі, цягнуўся з левага боку. У адным месцы на яго ўзбягалі звілістым серпанцінам мармуровыя сходы з шырокімі прыступкамі. Караткевіч.
[Фр. serpentin ад serpent — змяя.]
серпанці́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да серпанціну. Чаур бачыў невысокія скалістыя кратэры, голыя апоўзлыя пагоркі і бліскучыя дарогі, што серпанцінавымі стужкамі віліся паміж імі. Шыцік.
серпанці́нны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і серпанцінавы. Серпанцінныя стужкі.