Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́лудзень, ‑дня, м.

1. Тое, што і абед. Сёння на світанні Піліпка зайшоў у хату, каб паснедаць і ўзяць торбачку з полуднем. Навуменка. Абедзенная пара даўно ўжо прайшла, але .. [Алесь] забыў пра полудзень. Чарнышэвіч.

2. Сярэдзіна дня; поўдзень. — Ну, то ўставай, ды будзем абедаць; ужо, бачыш, за полудзень мінула. Гартны.

3. Лёгкая яда паміж абедам і вячэрай; падвячорак.

по́луднік, ‑а, м.

Абл. Падвячорак. [Бацька] не хацеў крыўдзіць мяне: ад свайго полудніка пакідаў акрайчык хлеба і брусок сала. Сачанка.

по́лчышча, ‑а, н.

1. Вельмі вялікае войска (звычайна варожае). Варожае полчышча.

2. звычайна мн. (по́лчышчы, ‑чышч і ‑чышчаў); перан.; каго-чаго. Незлічоная, вялікая колькасць, безліч. Полчышчы камароў.

по́лы, ‑ая, ‑ае.

Пусты ўнутры, нічым не запоўнены. Полае сцябло. Полыя дэталі.

•••

Полыя вены гл. вена.

полымегасі́цель, ‑я, м.

Спец. Прыбор для гашэння полымя.

полымепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны чым‑н. да полымя.

по́лымны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і палымяны. Мы крочым! Дарэмна па цёмных кутках Скуголіць падбрэхічаў зграя. З дарогі не звернем — Наш полымны сцяг Планеце шляхі азарае. «Вожык».

по́лымя, ‑я, н.

1. Агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць. А ў полі пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае, шыпучае полымя, пяклі ў прыску бульбу. Брыль. Агонь рос, шырыўся. Полымя.. лізала сцены, столь. М. Ткачоў. // Пра тое, што нагадвае такі агонь. Дзяўчаты з усмешкай Дарылі букеты. І вось загарэлася Полымя кветак. Танк. Бярозы на могілках стаялі ў жоўтым полымі. Шамякін.

2. перан. Запал, уздым. Вакол шугала полымя партызанскай помсты, разгаралася барацьба не на жыццё, а на смерць супраць лютага ворага. Дзюбайла.

•••

З агню ды ў полымя гл. агонь.

по́льдэр, ‑а, м.

Спец. Адгароджаны ад мора дамбай, асушаны і апрацаваны нізінны ўчастак пабярэжжа Паўночнага мора.

[Гал. polder.]

по́льдэрны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да польдэра. Па рэкамендацыях даследчыкаў пачалі ўжываць падземныя воды для арашэння, будаваць польдэрныя сістэмы. «Звязда».