Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распра́ва, ‑ы, ж.

Жорсткае прымяненне сілы да каго‑н. з мэтай пакарання або прымусу. Расправу чыніць польскае начальства над тымі, хто браў панскае дабро ў маёнтках і сек панскі лес. Колас.

распра́віцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

1. Учыніць расправу над. кім‑н.; пазбавіцца ад каго‑н., знішчыўшы або абясшкодзіўшы. Расправіцца з ворагамі. □ — Не змаглі вы самі асіліць Волата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Управіцца з чым‑н., адолець, што‑н. Упэўнены, што калі ён так шчыра ўзяўся за вучобу, то хутка расправіцца з заданнем, Паўлік паспешліва пачаў сам сабе чытаць умову першай задачы. Краўчанка. // З’есці без астатку. Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот. Якімовіч. Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. В. Вольскі.

распра́віцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.

Зрабіцца роўным, разгладзіцца, выпрастацца. А пойдуць у даль грукатаць перуны, Расправяцца ветразі, высахнуць снасць, — Адзін за адным павяслуюць чаўны. Лужанін. / у перан. ужыв. Прайшло, мінула колькі год, Узрос, расправіўся народ, Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод, Узняўся з поля ўмалот, З’явілася здабыткаў шмат. Броўка.

распра́віць, ‑праўлю, ‑правіш, ‑правіць; зак., што.

1. Разгладзіць, зрабіць роўным. Нічыпар паклаў пачак на стол, акуратна расправіў кожную паперку. Асіпенка. [Анісся], дрыготкімі пальцамі расправіла выцерты шоўк. Лынькоў. // Размясціць правільна. Расправіць складкі.

2. Напружыўшы мышцы, выпрастаць, выцягнуць (часткі цела). Пан узяў рог пакручасты, Пазалочаны, блішчасты, Важна выставіў нагу, Галаву крыху адкінуў Ды расправіў грудзі, спіну І ў ражок той — тру-гу-гу. Колас. [Рыбак] скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Быкаў. // Падняўшы, выцягнуўшы, разгарнуць (рукі, крылы і пад.).

•••

Расправіць крылы (плечы) — праявіць усе свае сілы, здольнасці; дзейнічаць рашуча, смела, энергічна.

распрага́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распрагаць — распрэгчы.

распрага́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распрэгчыся.

2. Зал. да распрагаць.

распрага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распрэгчы.

распрадава́цца, ‑даецца; незак.

1. Незак. да распрадацца.

2. Зал. да распрадаваць.

распрадава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце.

Незак. да распрадаць.

распрада́дзены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распрадаць.

распрада́жа, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распрадаваць — распрадаць.