распра́віцца 1, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
1. Учыніць расправу над. кім‑н.; пазбавіцца ад каго‑н., знішчыўшы або абясшкодзіўшы. Расправіцца з ворагамі. □ — Не змаглі вы самі асіліць Волата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Управіцца з чым‑н., адолець, што‑н. Упэўнены, што калі ён так шчыра ўзяўся за вучобу, то хутка расправіцца з заданнем, Паўлік паспешліва пачаў сам сабе чытаць умову першай задачы. Краўчанка. // З’есці без астатку. Афіцэр расправіўся з курыцаю, выцер хустачкаю рот. Якімовіч. Ледзь толькі сакаляняты расправіліся з першай палёўкай, як маці прыляцела зноў і кінула ім новага грызуна. В. Вольскі.
распра́віцца 2, ‑праўлюся, ‑правішся, ‑правіцца; зак.
Зрабіцца роўным, разгладзіцца, выпрастацца. А пойдуць у даль грукатаць перуны, Расправяцца ветразі, высахнуць снасць, — Адзін за адным павяслуюць чаўны. Лужанін. / у перан. ужыв. Прайшло, мінула колькі год, Узрос, расправіўся народ, Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод, Узняўся з поля ўмалот, З’явілася здабыткаў шмат. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)