Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сухагру́зны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для перавозкі сухіх (насыпных або штучных) грузаў (пра судны). Сухагрузны флот.

сухадо́л, ‑у, м.

Бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады. І ўлетку, калі на сухадолах пабляклі ўжо фарбы, пойме, .. [крыніцы] вабіла вока веснавой свежасцю. Шамякін. Вагончык стаяў цяпер на мяжы залужскіх палёў і «Новага свету», над сухадолам, што спускаўся на прырэчны поплаў. Хадкевіч.

сухадо́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сухадолу. Сухадольныя сенажаці. □ Роснай блакітнай раніцай .. на заліўныя і сухадольныя лугі выехалі калгасныя касілкі. Стаховіч. // Які расце на сухадолах. А [карова] Рэпка, пакуль .. [Сцяпан] займаўся ўспамінамі, зноў пабегла на сухадольную траву. Асіпенка. // Які звязаны з выкарыстаннем сухадолаў. Сухадольнае бахчаводства.

сухадрэ́віна, ‑ы, ж.

Разм. Засохлае на корані дрэва. Псавала гэты прыгожы куточак толькі тоўстая сухадрэвіна з рассечанай маланкай верхавінай. Каліна.

сухажы́лле, ‑я, н.

Шчыльнае, эластычнае ўтварэнне са злучальнай тканкі, з дапамогай якога шкілетныя мышцы прымацоўваюцца да касцей. Балела .. калена і сухажылле над ім, хоць .. [Сотнікаў] адчуваў, што куля трапіла вышэй, у сцягно. Быкаў.

сухажы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сухажылля. Палажыўшы Крывахіжа на ложак, Міхаленя даследаваў сухажыльныя рэфлексы. Алешка.

сухазе́м’е, ‑я, н.

Разм. Тое, што і суша (у 1 знач.). Прысела адпачыць і гарапашніца пчала. Адкуль яна ўзялася тут, над балотам, даволі далёка ад сухазем’я? В. Вольскі.

сухазе́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да сухазем’я, пражывае на сухазем’і. Сухаземныя жывёлы. □ Няхай .. [Галя] пабачыць, што хоць .. [Русіновіч] і сухаземны чалавек, вырас на сушы, і ў лодцы сядзіць мо які пяты раз, аднак і ён умее веславаць не горш за яе, рыбачку. Дамашэвіч.

сухалю́б, ‑а, м.

Сухалюбівая расліна.

сухалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Такі, што добра пераносіць сухасць паветра і глебы, добра расце ў засушлівых мясцовасцях (пра расліны). Сухалюбівы хмызняк.