Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

суфражы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Прыхільніца, паслядоўніца суфражызму.

суфражы́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да суфражызму, суфражыстак.

су́ха,

1. Прысл. да сухі (у 10, 11 і 12 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць вільгаці ў паветры. Устронцы каламі забілі Сімху і падпалілі яго хату. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. // Пра адсутнасць вады, вільгаці дзе‑н. Пад густымі абамшэлымі лапамі елкі было суха, утульна. Лынькоў. Цяпер затое суха ў боце, Бо пад нагой зімовы лёд. Астрэйка.

3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне сухасці (у роце, горле). [Завішнюк] пачуў, што голас у яго стаў сіпаты, пачуў яшчэ, што горка ў роце і суха — не павярнуць языком. Пташнікаў.

сухава́та,

1. Прысл. да сухаваты.

2. безас. у знач. вык. Пра пэўны недахоп вільгаці дзе‑н. [Насця:] — Грыбоў, братка, няма яшчэ: сухавата ў лесе. Пальчэўскі.

сухава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан сухаватага.

сухава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім сухі (у 1, 2, 5, 9, 10 і 11 знач.). Янук памаўчаў з хвіліну, нібы прыслухоўваючыся к лёгкаму посвісту ветру ў сухаватых лісцях. Кулакоўскі. Тонкая сухаватая трава, аб якую лёгка было парэзаць руку, густа кусцілася каля старых пнёў. Зуб. Марына ўлавіла сухаваты тон Андрэевых слоў. Шахавец. Не адрываючыся, я глядзеў на падцягнуты сухаваты твар старога. Васілёнак.

сухаве́й, ‑ю, м.

Сухі гарачы вецер, які нясе з сабой працяглую засуху. І ён [калгаснік] з сухавеем змагаецца, І садзіць лясы і сады. Астрэйка. Хай сабе спёкі, Дажджы, сухавеі — Жыта ўзыходзіць, Расце, палавее. Дзяргай.

сухаве́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сухавею, з’яўляецца сухавеем. Штодзень у сінеч даль адзета, З адной дзьме вецер стараны, Ды вецер зыркі, сухавейны. Колас.

сухаве́рхі, ‑ая, ‑ае.

З сухой верхавінай. Заўзята і гучна барабаніў у сухаверхае дрэва дзяцел. Сачанка.

сухагру́з, ‑а, м.

1. Сухі груз. Транспарціроўка сухагрузаў.

2. Судна для перавозкі разнастайных сухіх грузаў — штучных (скрынкі, кантэйнеры і інш.), насыпных (зерне, цэмент і інш.), навалачных (руда, вугаль і інш.).