рэ́чавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэчаў (у 1 знач.). Рэчавае забеспячэнне. // Які служыць для захоўвання, пераносу рэчаў. Рэчавы мяшок.
•••
Рэчавае права гл. права.
Рэчавы доказ гл. доказ.
рэчаі́снасць, ‑і, ж.
1. Тое, што сапраўды існуе; рэальнасць. Тое, аб чым Тапурыя марыў, стала рэчаіснасцю. Самуйлёнак. І гэтая школа, і гэтыя Быганы, аб якіх ён ніколі раней не чуў, уплятаюцца ў яго жыццё, уяўляюцца ў тых няясна прывабных тонах-абрысах, што такія прыгожыя здалёк, але ніколі не супадаюць з рэчаіснасцю. Колас.
2. Аб’ектыўныя ўмовы жыцця людзей. Наша савецкая рэчаіснасць. □ Творы Крапівы білі з гнеўнай сілай па панскай рэчаіснасці. Таўлай.
рэчаі́сны, ‑ая, ‑ае.
Які сапраўды існуе; рэальны. «Усё рэчаіснае разумна», — іранічна падкрэсліў Лабановіч. Колас.
рэ́чанька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.
Нар.-паэт. Ласк. да рака, рэчка. І дзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчанька другая? Колас. Цячэ рэчанька, Цячэ быстрая, Скочупераскочу. З нар.
рэ́чачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да рака; маленькая рака. Росіца — рэчачка маленькая, як конаўка. Навуменка. Там невялічкае балотца ёсць, і рэчачка адтуль зачынаецца, малюсенечкая, і злучаецца з другой рэчкай, што ў нас Целяшовым Дубам завецца. Колас.
рэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Нешырокая, невялікая рака. Перайшоўшы зыбкую кладку праз рэчку, дзед пайшоў непрыкметнай сцежкай проста туды, дзе з празрыстай дымкі праступаў малады бярозавы параснік. Лынькоў. Абросшая вербамі, спакойна цякла рэчка каля самых хат. Колас.
рэ́чыва, ‑а, н.
Тое, з чаго складаецца фізічнае цела; матэрыя. Арганічнае рэчыва. Выбуховае рэчыва.
•••
Абмен рэчываў гл. абмен.
Крытычны стан рэчыва гл. стан.
рэчытаты́ў, ‑тыву, м.
Напеўная размова ў вакальна-музычным творы. Пачуўся голас спевака, які не столькі спяваў, колькі гаварыў рэчытатывам. Грамовіч. // Пра манеру гаварыць нараспеў або пець, напеўна дэкламуючы. І ўрэшце Камар загаварыў. Нават не загаварыў, а нібы заспяваў журліва-тонкім рэчытатывам. Караткевіч.
[Іт. recitativo.]
рэчытаты́ўны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рэчытатыву. Рэчытатыўная фраза.
рэ́чыўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан рэчыўнага.