Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раздабрэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які раздабрэў (у 2 знач.), патаўсцеў. Гаспадыня, мажная, раздабрэлая, паставіла на стол яду. Навуменка.

раздабрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.

Разм.

1. Стаць добрым, шчодрым, лагодным; раздобрыцца. — [Цёця Каця] раздабрэла і паабяцала рубцы на штанах правільна навесці. Даніленка.

2. Распаўнець, растаўсцець. І сама [Каця] раздабрэла на вясковых харчах, і дзеці паправіліся. Сачанка. За гэтыя месяцы .. [Цопа] раздабрэў, старэнькі халат .. аж трашчаў на ім. Асіпенка.

раздабыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Зал. да раздабываць.

раздабыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раздабыць.

раздабы́ткі, ‑аў; адз. няма.

Разм. У выразе: на (у) раздабыткі — каб раздабыць што‑н., разжыцца на што‑н. (ісці, хадзіць і пад.). Усе ўчатырох ідуць яны ў раздабыткі. На кірмашах, каля цэркваў круціць катрынку Цэнтразыхер, падспеўваюць Паўлюк і Кузьма, а катрыншчык абыходзіць слухачоў з шапкаю. Лужанін. Амаль кожны дзень хадзілі мы на раздабыткі правіянту, колькі разоў я быў у ахове, хадзіў на разгром гарнізона ў Клецішчах. Сабаленка.

раздабы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раздабыць.

раздабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. раздабыў, ‑была, ‑было; зак., каго-што.

Разм. Здабыць, дастаць з цяжкасцямі. А колькі было бегатні, пакуль гурткоўцы раздабылі старую папоўскую расу або чорны хвастаты фрак для гарадскога дарэвалюцыйнага паніча. Краўчанка. Стрыечны брат нашага местачкоўца аказаўся чалавекам хмурным, недаверлівым, хітрыў і віляў, і ніякіх патронаў раздабыць у яго не ўдалося. Навуменка.

раздава́цца 1, ‑даецца; заг. раздавайся.

Незак. да раздацца ​1.

раздава́цца 2, ‑даюся, ‑даешся, ‑даецца; ‑даёмся, ‑даяцеся; заг. раздавайся; незак.

1. Незак. да раздацца ​2.

2. Зал. да раздаваць ​2.

раздава́цца 3, ‑даецца; незак.

Зал. да раздаваць ​1.

раздава́ць 1, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце; заг. раздавай.

Незак. да раздаць ​1.

раздава́ць 2, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце; заг. раздавай.

Незак. да раздаць ​2.

раздаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.

1. Надавіўшы або сціснуўшы, расціснуць, расплюшчыць, раздушыць. [Надзя:] — Тады збірай бульбу, бо часам як раздавіш пухір, пяску наб’ецца, можа быць заражэнне. Васілевіч. Немцы пусцілі на гармату танк, мабыць хацелі раздавіць яе, але артылерысты падпалілі яго снарадам. Сабаленка.

2. Разм. Сціснуўшы, задушыць, скалечыць, забіць. — Спаткаць бы такога дзесь у цёмным куце і раздавіць,.. — рашуча сказаў Сяргей. Машара.

3. перан. Разграміць, нанесці рашучае паражэнне. — Дзіўна, такая сіла, а ў Ламавічах — нямецкі гарнізон, — падкалоў Бондар. — Няўжо не можаце раздавіць? Навуменка.

4. перан. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Знішчыць, падавіць маральна. Візэнер, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, злосна папракаў яго.. Раздаўлены Кайфер маўчаў. Шамякін.

5. Разм. Выпіць што‑н. спіртное. — От жа, не кажы ты, завялі парадкі: беднаму чалавеку і пляшку раздавіць няма дзе. Сабаленка.