раздавіць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.
1. Надавіўшы або сціснуўшы, расціснуць, расплюшчыць, раздушыць. [Надзя:] — Тады збірай бульбу, бо часам як раздавіш пухір, пяску наб’ецца, можа быць заражэнне. Васілевіч. Немцы пусцілі на гармату танк, мабыць хацелі раздавіць яе, але артылерысты падпалілі яго снарадам. Сабаленка.
2. Разм. Сціснуўшы, задушыць, скалечыць, забіць. — Спаткаць бы такога дзесь у цёмным куце і раздавіць,.. — рашуча сказаў Сяргей. Машара.
3. перан. Разграміць, нанесці рашучае паражэнне. — Дзіўна, такая сіла, а ў Ламавічах — нямецкі гарнізон, — падкалоў Бондар. — Няўжо не можаце раздавіць? Навуменка.
4. перан. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Знішчыць, падавіць маральна. Візэнер, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, злосна папракаў яго.. Раздаўлены Кайфер маўчаў. Шамякін.
5. Разм. Выпіць што‑н. спіртное. — От жа, не кажы ты, завялі парадкі: беднаму чалавеку і пляшку раздавіць няма дзе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)