Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэфрыжэра́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэфрыжэратара; забяспечаны рэфрыжэратарам. Рэфрыжэратарная машына. Рэфрыжэратарная ўстаноўка. Рэфрыжэратарнае судна.

рэфрэ́н, ‑а, м.

1. Радок або некалькі радкоў, якія паўтараюцца ў канцы кожнага куплета верша ці песні; прыпеў. Пасля таго як спявачка асабліва прачулена праспявала рэфрэнам «Мой харошы, сінявокі, ты адзіны...» — Сагура нечакана ўзняўся на ногі, разгублена замігаў вачыма і стаяў так, узрушаны. Ракітны.

2. У музычнай форме ронда — галоўная тэма, якая шматкратна паўтараецца ў чаргаванні з рознымі эпізодамі.

[Фр. refrain.]

рэ́ха, ‑а, н.

1. Адбіццё гукавога сігналу ці радыёімпульсу ад пэўнай перашкоды. Некалькі разоў [сябры] гукнулі разам і слухалі, як разлягалася рэха. Колас. У Лаўскі лес ішлі ў арэхі, Шукалі там лісіных нор. Гукнём: — Агу!.. — Адкажа рэхам: — Агу! — цяністы, спелы бор. Бялевіч.

2. перан.; чаго. Водгалас, водгук. Рэха «Дудкі» кацілася па шырокіх абшарах беларускай, зямлі, яно абуджала народ ад векавечнага сну, уздымала на барацьбу за шчасце і права «людзьмі звацца». С. Александровіч. [Песня] сцвярджае народнасць героя, з’яўляючыся народным рэхам тых ідэй, якія сеяў у масах Каліноўскі. У. Калеснік.

рэ́хва, ‑ы, ж.

Абл. Жалезны абруч, які наганяецца на дзеравяную калодку кола. Кожны вечар, прыгнаўшы з поля, Тонік катаў па вуліцы рэхву. Старую ад рассохлага кола рэхву ён знайшоў на гарышчы. Адамчык.

рэці́на, ‑ы, ж.

Спец. Святлоадчувальная абалонка вока; сятчатка.

[Ад лац. retina — сятчатка.]

рэціні́т, ‑у, М ‑ніце, м.

Запаленне сятчастай абалонкі вока (рэціны).

рэцірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

1. Уст. Адступіць (адступаць). — На сабе правяраў, — сказаў Свідзерскі. — Бачыш, не стралялі. Тут нешта ёсць. А можа, і сапраўды рэціраваліся? Хомчанка.

2. Разм. жарт. Адысці (адыходзіць), пайсці. З вагона тым часам выходзіць Наталля Пятроўна ў суправаджэнні мужчыны з незвычайнымі вусамі... Да іх падыходзіць невысокі лысы чалавек. Так, гэта муж Наталлі Пятроўны... Мужчына з вусамі адразу ж рэціруецца. Васілёнак.

[Фр. se retirer.]

рэцыдыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Асоба, якая пасля пакарання за зробленае злачынства, паўторна зрабіла злачынства. Злодзей-рэцыдывіст. □ Начальнік выклікаў на перагаворы некалькі найбольш вядомых рэцыдывістаў. Брыль.

рэцыдыві́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да рэцыдывіст.

рэцыды́ў, ‑дыву, м.

1. Зварот, паўтарэнне якой‑н. з’явы пасля таго, як яна, здавалася, знікла. Рэцыдыў страху.

2. Новае абвастрэнне хваробы пасля таго, калі чалавек, здаецца, паправіўся. Рэцыдыў рэўматызму.

3. Паўторнае злачынства пасля пакарання. Рэцыдыў крадзяжу.

[Ад лац. recidivus — які аднаўляецца, варочаецца.]