Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

таўха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Разм. Штурхаць кароткім, рэзкім рухам. Алесь ускочыў, пазірае І локцем Костуся таўхае. Колас. Пары кружыліся, локцямі таўхалі ў грудзі Андрэя і Лору. Грамовіч.

таўхе́ль,

Разм.

1. ‑хяля, м. Удар кулаком. Даволі адчувальны таўхель вымусіў аднаго з курсантаў войкнуць. Новікаў.

2. у знач. вык. Ужываецца паводле знач. дзеясл. таўхаць — таўхануць і таўхацца — таўхануцца. А .. [козлік] таўхель мяне рогам, і мы ўсе ў рогат: і тата, і мама, і я. Брыль.

таўчо́нік, ‑а, м.

Блін з тоўчанай бульбы. Я схапіла хусцінку, Соня загарнула ў насоўку пару таўчонікаў ды па агурку. Лось.

таўчы́, таўку, таўчэш, таўчэ; таўчом, таўчаце, таўкуць; пр. тоўк, таўкла, ‑ло; незак.

1. што. Рабіць больш дробным, драбніць. Жонка моўчкі таўкла ў ступе семя. Галавач. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў. Быкаў.

2. што. Ціснуць, душыць таўкачом і пад., робячы мяккім; мяць. Неяк з лесу хлапчукі-пастушкі прынеслі блішчастую жалезную качалку, і Феня таўкла ёю бацьку камы. Сачанка. Міхаліна таўкла ў карыце параную бульбу. Чарнышэвіч.

3. што. Ачышчаць таўкачом у ступе зерне ад скуркі. Спіць Платонава маці Аляксандра і чуе праз сон, што нехта недзе таўчэ крупы ў ступе або кавалі б’юць далёка ў кузні. Пестрак. Бабы мусілі, як і даўней, таўчы .. ў ступе крупы. Гарэцкі.

4. што. Разм. Біць шмат чаго‑н. Таўчы талеркі. Таўчы посуд.

5. каго. Разм. Наносіць пабоі, збіваць. [Нявідны] маўчаў, калі яго білі, паваліўшы на брудную падлогу каземата, таўклі і мясілі цяжкімі жандарскімі ботамі. Колас. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Шэўкі] нічога, апроч .. стогну. Брыль. // Штурхаць. — Цішэй ты! — таўчэ мяне жонка ў бок, а я толькі ўсміхаюся ды газку паддаю. Корбан.

6. што. Мяць, знішчаць, вытоптваць што‑н. Васіліна блукала ля столікаў, .. пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік таўклі абцасамі траву, бачыла шмат моладзі ля атракцыёнаў. Савіцкі.

•••

Таўчы ваду ў ступе — дарма траціць час, займацца непатрэбнай справай.

Таўчы мак — мітусіцца ў паветры плоймай, клубком (пра камароў, мошак).

таўчы́льня, ‑і, ж.

Спец. Прыстасаванне, устройства для драбнення чаго‑н.

таўчы́ся, таўкуся, таўчэшся, таўчэцца; таўчомся, таўчацеся, таўкуцца; пр. тоўкся, таўклася, ‑лося; незак.

1. Драбніцца, дзяліцца на больш дробныя часткі. Сырое зерне дрэнна таўчэцца.

2. Разм. Быць, знаходзіцца, прысутнічаць дзе‑н., звычайна ў цеснаце. У доме, дзе быў сельсавет, у першым пакоі — «на пошце», век таўкліся людзі. Мележ. У вестыбюлі, падпёртым масіўнымі калонамі, збіўшыся ў талаку, таўкуцца можа дзвесце хлопцаў і дзяўчат. Навуменка. // Сноўдацца без справы, без работы. Пад рукою Таўкліся дзеці, заміналі, Або смяяліся, спявалі. Колас. / Пра насякомых, птушак. Кожнае раніцы на голым кусце бэзу таўкліся і гарлапанілі вераб’і. Паўлаў. // Увіхацца каля чаго‑н. Цэлую раніцу старая таўклася ля печы, усё нешта вымудрала, старалася. Гроднеў. / у перан. ужыв. Дакучлівыя, невясёлыя думкі таўкуцца ў яго галаве, і на сэрцы цяжка. Колас. // Танцаваць. Але ў дзесятым класе, які пасля разборкі дашчанай перагародкі ў суседні пакой служыў заадно і школьным клубам, густа таўкліся пары. Б. Стральцоў.

3. Зал. да таўчы.

•••

Таўчыся на (адным) месцы — тое, што і таптацца на (аднымі месцы (гл. таптацца).

Таўчыся пад нагамі — замінаць.

таўчэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. таўчы.

таўшча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Станавіцца таўсцейшым, больш тоўстым. Дрэвы ўсе раслі, таўшчалі, А закіданы дубок .. Змізарнелы і адметны, Для другіх дубоў чужы, З ім быў кожны непрыветны, Як той камень на мяжы. Колас.

таўшчы́нны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для вымярэння таўшчыні чаго‑н. Таўшчынны цыркуль.

таўшчыня́, ‑і, ж.

1. Велічыня папярочнага сячэння прадмета. Таўшчыня дошкі. □ Калі б .. рассыпаць [Гімалаі] па ўсёй зямлі, то атрымаўся б суцэльны пласт таўшчынёй каля 20 метраў. Матрунёнак.

2. Паўната, сытасць. У пакоіку яго спаткала гаспадыня, нізкая жанчына. Па яе фігуры адразу [цяжка] было вызначыць, што перамагае ў ёй: таўшчыня ці вышыня. Колас.