таўчы́, таўку, таўчэш, таўчэ; таўчом, таўчаце, таўкуць; пр. тоўк, таўкла, ‑ло; незак.
1. што. Рабіць больш дробным, драбніць. Жонка моўчкі таўкла ў ступе семя. Галавач. Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў. Быкаў.
2. што. Ціснуць, душыць таўкачом і пад., робячы мяккім; мяць. Неяк з лесу хлапчукі-пастушкі прынеслі блішчастую жалезную качалку, і Феня таўкла ёю бацьку камы. Сачанка. Міхаліна таўкла ў карыце параную бульбу. Чарнышэвіч.
3. што. Ачышчаць таўкачом у ступе зерне ад скуркі. Спіць Платонава маці Аляксандра і чуе праз сон, што нехта недзе таўчэ крупы ў ступе або кавалі б’юць далёка ў кузні. Пестрак. Бабы мусілі, як і даўней, таўчы .. ў ступе крупы. Гарэцкі.
4. што. Разм. Біць шмат чаго‑н. Таўчы талеркі. Таўчы посуд.
5. каго. Разм. Наносіць пабоі, збіваць. [Нявідны] маўчаў, калі яго білі, паваліўшы на брудную падлогу каземата, таўклі і мясілі цяжкімі жандарскімі ботамі. Колас. Боты настойліва, глуха таўклі, не могучы дастаць з .. [Шэўкі] нічога, апроч .. стогну. Брыль. // Штурхаць. — Цішэй ты! — таўчэ мяне жонка ў бок, а я толькі ўсміхаюся ды газку паддаю. Корбан.
6. што. Мяць, знішчаць, вытоптваць што‑н. Васіліна блукала ля столікаў, .. пераходзіла палянкі, дзе пад гармонік таўклі абцасамі траву, бачыла шмат моладзі ля атракцыёнаў. Савіцкі.
•••
Таўчы ваду ў ступе — дарма траціць час, займацца непатрэбнай справай.
Таўчы мак — мітусіцца ў паветры плоймай, клубком (пра камароў, мошак).