тапчы́ла, ‑а, н.
Спец. Чоп для таптання вінаграду.
тапы́ршчыцца, ‑шчыцца; незак.
Абл. Тапырыцца. Тырчалі халодныя крыжавіны елак. Тапыршчыліся вострыя ядлоўцы. Карпюк.
тапы́ршчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; незак., што.
Абл. Тапырыць. Пераступае [Васіль] парог будкі, — вартавы прыветна тапыршчыць свае рыжыя вусы. Кулакоўскі.
тапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падымацца ўверх, стаяць тарчма (пра валасы, шэрсць і пад.). Віця глядзіць на Валерыю. На ёй сіняя сукенка з высокім белым каўнерыкам, што вельмі пасуе да яе смуглявага твару; кароткія чорныя валасы крыху тапырацца ў бакі каля вушэй, і яна час ад часу папраўляе іх. Нядзведскі. Бялявыя коратка падстрыжаныя валасы тапырыліся калючым вожыкам. Хомчанка. // Не ляжаць роўна, гладка; карабаціцца. Кажушок Сымона Данілавіча тапырыўся. Грамовіч. Шчыльна падагнаная бекеша з такім жа каўняром, як і шапка, трошкі тапырылася на жываце. Кулакоўскі. // Не прылягаць. Ад мноства фатаграфій тоўстыя лісты альбома тапырацца, раскрываючыся самі сабою. Палтаран.
2. Выгінаць цела, напружвацца; падымаць тарчма шэрсць, іголкі і пад. (пра жывёл). Пеця трымаў за шыю чорнага вялікага ката Ваську, які тапырыўся і шыпеў. Сіняўскі. Паставіў [бацька] каня, падкінуў сена, а сам ужо збіраўся ісці ссякаць сухастоіну, як бачыць — тапырыцца штосьці конь. Якімовіч.
3. перан. Быць незадаволеным чым‑н. або капрызным; супраціўляцца. Базыль пагладзіў сына па галаве. — Ты паслухай спачатку; што да чаго, а тады ўжо тапырыцца будзеш... Курто. Непрыветлівыя позіркі скрыжаваліся на Арэшкіну, і ён адчуваў сябе вінаватым, але тапырыўся. Шамякін.
тапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Паднімаць, ставіць тарчма, натапырваць (валасы, шэрсць і пад.). Здавалася, што для міліцыянера і тапырыў вусы Сцяпан Пракопавіч. Шахавец. / Пра галіны, лісты і пад. Рыта адхіляла .. [каласы] убок, а яны зноў тапырылі на яе вусы. Васілевіч.